Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Зробім усё магчымае і немагчымае: старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуўся да жыхароў Гомельскай вобласці

18.07.2024
«Паважаныя жыхары Гомельскай вобласці!

Вось ужо трое сутак сумеснымі намаганнямі выратавальнікаў, энергетыкаў, леснікоў, будаўнікоў, работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, супрацоўнікаў унутраных спраў і шматлікіх добраахвотнікаў Гомельская вобласць змагаецца з наступствамі стыхіі. 

Нягледзячы на крытычна высокую дзённую тэмпературу, работы не спыняюцца ні на хвіліну: і днём, і ноччу. Ад дзевяноста брыгад ў начны час да двухсот брыгад днём. І гэта размова ідзе толькі пра спецыялістаў з допускам да такіх відаў работ. 

Ужо ў аўторак нам удалося падключыць да энергасістэмы ўсе райцэнтры, забяспечыць вадой населеныя пункты, дзе яе падачы не было, увесці ў строй усе жывёлагадоўчыя комплексы і пачаць запуск вымушана спыненых прадпрыемстваў.

Гэта, безумоўна, вельмі важны для нас вынік, але датуль, пакуль не будуць падлучаны сістэмы жыццезабеспячэння ў кожны населены пункт, нават калі там пражывае адзін жыхар, расхалоджвацца і здымаць рэжым надзвычайнай сітуацыі мы не будзем. 

На сённяшнюю раніцу без электрычнасці застаюцца 307 невялікіх населеных пунктаў у адзінаццаці раёнах вобласці. На ўліку кожны дом. Наша задача – максімальна за сёння, а самыя складаныя ўчасткі – да раніцы 19 ліпеня падключыць да крыніц электразабеспячэння.

У нас ёсць дакладнае разуменне, дзе ўдасца аднавіць падачу электраэнергіі, а дзе – спатрэбіцца яшчэ час. Таму ўжо з панядзелка закупляем генератары, таксама атрымліваем іх у часовае карыстанне з іншых абласцей. За што ўсім – вялікі дзякуй. У цяперашні час вобласць атрымала яшчэ 158 генератараў па лініі Мінэнерга, 246 набылі ў Мінскага маторнага завода. 

Сфарміраваны брыгады па іх падключэнню і абслугоўванню. У цэлым гэта дае нам упэўненасць у тым, што мы зможам запітаць энергіяй ўсе населеныя пункты, якія засталіся. Графікі падключэння па кожным раёне будуць апублікаваны на інфармацыйных рэсурсах і ў сродках масавай інфармацыі ў бліжэйшы час.

Паралельна вырашаем пытанні сувязі. Учора "Белтэлекам" абсталяваў тэлефонную лінію, якая працуе без наяўнасці знешняга энергазабеспячэння. 

У тых населеных пунктах, дзе адсутнічае сувязь, усталявалі па адным стацыянарным тэлефоне ў доме або ва ўстанове сацсеткі. 

Больш за сорак брыгад мабільных аператараў падключаюць вышкі да генератараў, каб як мага хутчэй цалкам аднавіць сувязь.

Ні адзін чалавек не застанецца сам-насам са сваёй бядой. Асабліва гэта тычыцца адзінокіх і грамадзян пажылога ўзросту, якія адзінока пражываюць. Яны знаходзяцца пад пільнай увагай сацыяльных работнікаў. 

Ва ўсе ж пацярпелыя населеныя пункты выязджаюць старшыні сельсаветаў, дэпутаты мясцовых Саветаў, вывучаюць праблемы кожнага чалавека, кожнага домаўладання.

Дапамогу ў ліквідацыі наступстваў ураганнага ветру нам аказваюць рэспубліканскія органы, сітуацыю ў рэгіёне асабіста кантраліруе Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Паважаныя жыхары вобласці, мы зробім усё магчымае і немагчымае, каб да канца дня электрычнасць ва ўсіх нашых дамах было адноўлена. 

Дзякуй Вам за разуменне і цярпенне».
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ