Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Віншаванні з надыходзячым Днём Перамогі прыняў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Каспяровіч

06.05.2025
Павіншаваць Мікалая Яўгенавіча прыйшоў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. 

– Вы прайшлі сур'ёзны ваенны шлях, вызвалілі нашу краіну, Еўропу. Моцнага здароўя вам, заставайцеся з намі даўжэй, каб з моладдзю сустракаць самае галоўнае свята – Дзень Перамогі, – пажадаў губернатар. 

Адважны хлопец Мікалай сустрэў вайну ў 15 гадоў. У 1943 годзе 17-гадовы падлетак звярнуўся да ваенкома з просьбай адправіць яго на фронт, пасля чаго з маршавай ротай адбыў у дзеючую армію. Стаў артылерыйскім разведчыкам супрацьтанкавай артылерыі. Удзельнічаў у важных бітвах на тэрыторыі Еўропы, у Берлінскай наступальнай аперацыі і ў адной з апошніх аперацый савецкіх войскаў – Штэтынска-Растокскай. Тройчы быў паранены, а Дзень Перамогі сустрэў ва Усходняй Германіі.

Мікалай Каспяровіч – кавалер ордэна Славы III ступені. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй». Для ветэрана справілі парад з удзелам кадэтаў, аркестра і дашкалят. Жыхары рэгіёна розных пакаленняў падзякавалі за мірнае неба удзельніку Вялікай Айчыннай вайны.
 
– Жадаю вам здароўя моцнага, чыстага неба над галавой. Любіце сваю Радзіму, старайцеся заўсёды і ўсюды быць першымі, каб усе на вас раўняліся. Вы – наш трывалы запас, – звярнуўся да моладзі ветэран.

Пасля дэмабілізацыі ў Гомелі малодшы сяржант Мікалай Каспяровіч асвойваў рабочыя прафесіі на станкабудаўнічым заводзе імя Кірава, іншых прадпрыемствах. Быў рацыяналізатарам, укараняў новыя вынаходкі на вытворчасці. А ў вольны час захапляўся гульнёй на баяне. Сыграў ветэран гасцям і ў светлы майскі дзень. 

– На акардэоне пачаў граць, калі ўзялі Варшаву. Я і да вайны вучыўся ў музычнай школе, але яе не скончыў, таму што не любіў фартэпіяна. А на вайне ўлюбіўся ў акардэон. Цяжка было з басамі разабрацца, але атрымалася, цяпер вось і на баяне магу, – прызнаўся Мікалай Яўгенавіч.

Падчас парада ля пад'езда ўдзельнік вайны з моладдзю праспяваў адну з любімых песень – «Дзень Перамогі».

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ