Грамадства
У вёсцы Бярозкі жыхарам шматкватэрнага дома прапануюць уцяпліць сцены
02.12.2024
На прыём да старшыні абласнога выканаўчага камітэта Івана Крупко ў пачатку лістапада звярнулася жыхарка дома № 1 па вуліцы 60 гадоў СССР вёскі Бярозкі Гомельскага раёна Алеся Балашэвіч з просьбай дапамагчы ва ўцяпленні сцяны.
– У нас у кватэры холадна, прамярзаюць сцены, з'явілася цвіль. Стаіць пытанне ўцяплення ўсяго перыметра кватэры. Акрамя таго, у дзіцяці выяўлена алергія на цвіль і грыбок. Сваімі сіламі ліквідаваць праблему не атрымліваецца, – растлумачыла Алеся Балашэвіч, якая звярнулася да старшыні аблвыканкама.
Губернатар даручыў правесці агульны сход з жыхарамі дома і прапанаваць уцяпліць усе кватэры ў доме. Сёння з мясцовымі жыхарамі сустрэліся прадстаўнікі Гомельскага райвыканкама, камунальных службаў, на агульным сходзе яшчэ раз расказалі аб правілах удзелу ў праграме энергаэфектыўнасці жылых дамоў.
Падрабязнасці ўдзелу ў праграме энергаэфектыўнасці жылых дамоў расказала намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама Валерыя Шаціла. Удзельнікам таксама прывялі станоўчыя прыклады – у раёне рэалізавана ўжо шэсць праектаў падобнага ўцяплення дамоў, дзе ўсе засталіся задаволены вынікам:
– Зараз падводзім вынікі апытання. Калі хтосьці не прыйшоў на сход, абыдзем і апытаем па кватэрах. Для прыняцця канчатковага рашэння неабходна згода 2/3 уласнікаў жылля, у доме гэта каля 17 чалавек. Тады палавіну работ аплацяць з бюджэтных сродкаў. Растлумачылі людзям парадак фінансавання і далейшай аплаты, прыведзены арыенціровачныя штомесячныя сумы растэрміноўкі на дзесяць гадоў.
Акрамя таго, падкрэсліла Валерыя Шаціла, у рамках капітальнага рамонту, калі ён будзе праводзіцца, сцены ў доме не ўцяпляюцца.
Меркаванні мясцовых жыхароў падзяліліся – ёсць тыя, хто згодны ўцяпліць сцены ўсяго дома, ёсць і тыя людзі, якія катэгарычна супраць такога рашэння. Анатолій Кузьмін, напрыклад, не супраць уцяплення, калі яго зробяць з улікам растэрміноўкі, а выплату дзяржава падзеліць з жыхарамі дома напалавіну:
– Не скажу, што ў нашай кватэры занадта холадна, але калі вецер задзімае, то досыць прахалодна. Кладка з цягам часу прыйшла да зносу, таму ўцяпленне — адзін са спосабаў выратаваць дом ад разбурэння. Гэта робіцца не на пяць ці дзесяць гадоў, а мінімум на пяцьдзясят. Трэба абгаворваць дадатковыя ўмовы, у тым ліку растэрміноўкі.
Вынікі апытання пакажуць, якім будзе канчатковае рашэнне.