Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Грамадства
Грамадства

У Палацы Румянцавых і Паскевічаў падпісана абласное пагадненне аб сацыяльным партнёрстве на 2025–2028 гады

01.08.2025

У зале ўрачыстых прыёмаў палаца бакі замацавалі подпісамі пагадненне паміж абласным выканаўчым камітэтам, абласным Саюзам наймальнікаў і абласным аб'яднаннем прафсаюзаў.

Дакумент накіраваны на стварэнне ўмоў для стабільнай работы арганізацый і абароны правоў работнікаў рэгіёна. Подпісы пад ім паставілі губернатар Іван Крупко, старшыня Саюза наймальнікаў Дзмітрый Чарнякоў і лідар прафсаюзаў Гомельшчыны Алена Клічкоўская.

Іван Крупко пазначыў сутнасць знакавага дакумента – гэта акт салідарнасці з беларускай дзяржаўнай стратэгіяй, у цэнтры якой працуючы чалавек.

У нашай краіне, адзначыў кіраўнік рэгіёна, створаны ўсе ўмовы, каб грамадзяне маглі свабодна, годна і бяспечна працаваць. Кадры – стратэгічны патэнцыял нацыі, таму асаблівую ўвагу трэба надаваць перадачы вопыту, традыцый маладой змене. Важна развіваць інстытут настаўніцтва на прадпрыемствах, укараняць новыя падыходы і праекты ў кадравай палітыцы. Да прыкладу, сваю эфектыўнасць у пытанні кадравага забеспячэння АПК даказала «Школа маладога кіраўніка».

– Пагадненне не толькі інструмент, гэта давер, згода і агульная мэта. Усе разам мы будуем мадэль справядлівага грамадства, дзе дзяржава, бізнес і прафсаюзы – надзейныя партнёры, – падкрэсліў Іван Крупко.

Па словах старшыні абласнога Саюза наймальнікаў Дзмітрыя Чарнякова, падпісаны дакумент стаіць на варце інтарэсаў работнікаў усіх галін і сфер Гомельшчыны. Правы і гарантыі прапісваюцца ў калектыўных дагаворах, і гэта не толькі нормы, рэкамендаваныя працоўным заканадаўствам, але і дадатковыя меры стымулявання людзей працы. Вялікае значэнне Саюз наймальнікаў надае навучанню кадраў, павышэнню кваліфікацыі і прафесійных кампетэнцый работнікаў і кіраўнікоў. Развіваецца супрацоўніцтва з ВНУ, ССНУ, профільнымі класамі ў школах. На кожным прадпрыемстве разумеюць: за кадры трэба змагацца са школьнай парты.

Старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Алена Клічкоўская заўважыла, што ў аснове трохбаковага пагаднення ляжыць ідэя сацыяльнага партнёрства, накіраваная на рост эканомікі і павышэнне дабрабыту ўсіх жыхароў краіны. Новаўвядзенне новага дакумента, прынятага на тры гады, – зроблены акцэнт на моладзі. Гарантыі, ільготы, падтрымка маладой змены будуць дапоўнены па шэрагу накірункаў.

Найважнейшай задачай застаецца мінімізацыя адтоку кадраў з сельскай мясцовасці, павышэнне замацоўваемасці маладых спецыялістаў на малой радзіме. Намаганнямі ўсіх калектываў, рэзюмавала Алена Клічкоўская, неабходна забяспечыць максімальна станоўчы вынік, які прынясе росквіт Гомельскай вобласці і любімай Беларусі.


К СПИСКУ НОВОСТЕЙ