Грамадства
У Гомелі ўпершыню прайшоў абласны маладзёжны форум "Трэнды будучыні"
09.12.2024
Сто ўдзельнікаў, сярод якіх члены прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, выпускнікі і навучэнцы педкаледжаў вобласці, маладыя і вопытныя педагогі, гаварылі пра сённяшні дзень і будучыню.
– Мэта форуму простая – пагутарыць з навучэнцамі старэйшых курсаў педагагічных каледжаў, якія заўтра будуць працаваць з дзецьмі, сеяць разумнае, добрае, вечнае, – адзначыла старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанна Ждановіч. – Мы пагаворым пра сям'ю, прафесію і патрыятызм, пра тое, наколькі прыгожая Гомельшчына педагогамі, што думае моладзь, з якімі праблемамі сутыкаецца.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік аддзела кадравай і планава-эканамічнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Вольга Дулуб прывяла цікавую статыстыку – у рэгіёне працуе больш за 28 тысяч педагогаў, якія штогод пацвярджаюць высокі ўзровень прафесіяналізму перамогамі ў рэспубліканскіх конкурсах. Штогод рады вялікай настаўніцкай сям'і папаўняюць каля 800 маладых спецыялістаў, больш за 85% замацоўваюцца на першых працоўных месцах.
У цёплай атмасферы прайшла даверная размова людзей, аб'яднаных агульнымі інтарэсамі. Удзельнікі разважалі, ці цікавая для моладзі прафесія настаўніка, якой павінна быць сучасная школа, як ствараюцца сямейныя дынастыі. Казалі аб вернасці прафесіі, пераемнасці пакаленняў, дзяліліся вопытам. Намеснік старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Жана Гатальская прывяла прыклад, як прафсаюз дапамагае і падтрымлівае, галоўнае – быць актыўнымі і крэатыўнымі. Пацвярджэнне гэтаму – добрая традыцыя абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі заахвочваць прафсаюзных актывістаў з ліку навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установаў адукацыі. У рамках форуму абвешчана, што аднаразовыя выплаты атрымаюць студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны Анастасія Цыбулька, студэнтка Гомельскага тэхуніверсітэта імя П. В. Сухога Дар'я Куценка і студэнт Мазырскага педуніверсітэта імя І. П. Шамякіна Іван Фядзькіў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.