Грамадства
У Гомелі абмеркавалі падрыхтоўку да Дня народнага адзінства
05.09.2024
У абласным цэнтры прайшло пасяджэнне па пытаннях правядзення мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасня чацвёрты раз.
Гэта маладое свята, але разам з тым значнае. Сама падзея аказала істотны ўплыў у фармаванне беларускай дзяржаўнасці.
– Уз'яднанню Заходняй Беларусі і БССР 85 гадоў, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. – Вельмі важна, каб жыхары рэгіёна разумелі, чаму прысвечана свята, як падзеі Савецка-польскай вайны адбіліся на лёсе, сем'ях і краіне, як імёны землякоў, якія гераічна змагаліся з польскімі захопнікамі і набліжалі ўз'яднанне беларускага народа, увекавечаны ў назвах вуліц нашых гарадоў і як гістарычная дата адзначана ў канкрэтным населеным пункце.
5 верасня ў рэспубліцы стартуе прэм'ерны паказ дакументальна-мастацкага фільма кінастудыі "Беларусьфільм" "Культурны код". Аўтары карціны прапануюць задумацца над тым, што для юных жыхароў значаць дзяржаўныя сімвалы і якім павінен быць сапраўдны патрыёт. Дзмітрый Алейнікаў упэўнены, што моладзь Гомельшчыны не проста паглядзіць фільм, але і падзеліцца ўражаннямі ў сацсетках.
Адно з першых маштабных мерапрыемстваў у рэгіёне, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, – грамадска-палітычны форум "Мірная краіна: вытокі і перспектывы беларускай мадэлі развіцця". 11 верасня ён аб'яднае ў Мазыры больш за 540 чалавек. Гэта цудоўная магчымасць заявіць аб сабе нашым грамадскім аб'яднанням і палітычным партыям, падкрэсліў старшыня камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Язерскі.
Акрамя таго, у гэты дзень горад над Прыпяццю і Гомель будуць сустракаць удзельнікаў абласнога этапу інфармацыйна-асветніцкай акцыі "Беларусь адзіная".
13 верасня ў аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна пройдзе семінар абласнога Савета дэпутатаў. У мінулым годзе ў населеным пункце адкрылі памятны знак, прысвечаны важнай гістарычнай падзеі. Па словах Дзяніса Язерскага, аграгарадок Ленін – галоўны аб'ект для экскурсій у гэтыя дні.
Ва ўстановах адукацыі запланаваны тэматычныя класныя гадзіны, прэзентацыі, турніры па інтэлектуальных гульнях, дыялогавыя пляцоўкі. 5–6 верасня пры падтрымцы абласной арганізацыі Беларускага фонду міру адбудзецца міжабласны маладзёжны форум з наведваннем аб'ектаў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
13 верасня горад над Сожам прыме маладзёжны форум «Час выбраў нас». У Гомель з'едуцца ўдзельнікі, якія прадстаўляюць установы сацабароны насельніцтва.
16 верасня ў абласным цэнтры пройдуць асноўныя мерапрыемствы – урачысты сход і святочны канцэрт, а 17-га вялікая дэлегацыя Гомельскай вобласці адправіцца ў Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскім форуме, прысвечаным Дню народнага адзінства.
На гэтым урачыстыя мерапрыемствы не заканчваюцца. 17 верасня для ўсіх жадаючых будзе велапрабег "У адзінстве сіла". Удзельнікі стартуюць у 9.00 ад плошчы Леніна ў абласным цэнтры і ва ўсіх раёнах Гомельшчыны. У Гомелі маршрут пройдзе па вуліцах Савецкай – Хатаевіча – Усходняму абходу – Каменшчыкава – Мазурава і завершыцца на пляцоўцы каля Палаца водных відаў спорту. Магчымы цяжкасці ў руху грамадскага і асабістага транспарта.
Гурманаў чакаюць на "Адзіным дне беларускай кухні". 77 аб'ектаў грамадскага харчавання далучацца да свята. Цяпер яны распрацоўваюць спецыяльнае меню са страў беларускай нацыянальнай кухні. Акрамя таго, будуць праведзены дэгустацыі, майстар-класы. У Гомелі смачная праграма пачнецца ўжо 14 верасня ў час святкавання Дня горада. Тут гасцям будуць рады на фестывалі "Бульбафэст".
18–20 верасня Гомельшчыну наведаюць удзельнікі рэспубліканскага праекта «Аўтацягнік #Беларусь. Моладзь. Профі».
У час пасяджэння кожны раён прадставіў канцэпцыю правядзення святочных мерапрыемстваў. Цікава будзе ў кожным кутку вобласці, упэўнены арганізатары.