Грамадства
Руслан Пархамовіч пабываў у рэдакцыі «Гомельскай праўды»
15.10.2025
Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці даведаўся, чым жыве калектыў старэйшай у краіне газеты, як напаўняюцца і вярстаюцца нумары і чаму рэдакцыю называюць медыяхолдынгам.
Экскурсію па карпусах абласнога выдання для госця правёў галоўны рэдактар «Гомельскай праўды» Сяргей Бяспалы. Памочніка Прэзідэнта цікавілі ўмовы, у якіх працуюць журналісты і іншыя супрацоўнікі: карэктары, дызайнеры, рэкламная служба. І гэта далёка не поўны пералік прафесій.
Абласная газета даўно выйшла за рамкі толькі друкаванага выдання. Сёння, па словах Сяргея Бяспалага, яна ўяўляе сабой буйны інфармацыйны холдынг, які ўключае радыёстанцыю «Правда Радио», рэдакцыю сайта «Правда Гомель», выдавецкі дом, відэапрадакшн, аддзел інфармацыйна-тэхнічнага суправаджэння інтэрнэт-рэсурсаў.
Руслан Пархамовіч адзначыў аператыўнасць журналістаў «Гомельскай праўды», якія рэагуюць на ўсе ключавыя, хвалюючыя насельніцтва падзеі, навіны, тэмы. На старонках газеты, яе сеткавых рэсурсах таксама нямала аналітыкі, матэрыялаў на злобу дня, у тым ліку вострапалітычных, журналісцкіх расследаванняў.
Пры такім шырокім асвятленні жыцця рэгіёна, падкрэсліў Руслан Віктаравіч, калектыву выдання ўдаецца вытрымліваць залаты баланс паміж аб'ёмам і якасцю. У наш няпросты час, дадаў ён, чытачам не трэба шмат слоў, у першую чаргу яны давяраюць узважанай інфармацыі з афіцыйных крыніц, аб'ектыўным вынікам і правераным фактам. «Гомельская праўда» гэтым крытэрыям адпавядае.