Грамадства
Разам мы – Беларусь! Мазыр стаў сталіцай рэгіянальнай грамадска-патрыятычнай акцыі
21.02.2025
Канцэрт да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сабраў на "Палессе-Арэне" паўтары тысячы патрыётаў Гомельшчыны. З надыходзячым святам гледачоў павіншаваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Губернатар назваў 23 лютага не проста мужчынскім днём, але і днём памяці аб гераізме нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, патрыятызму беларусаў, якія адстойваюць сваёй штодзённай працай эканамічную бяспеку краіны:
– Жыхары паўднёва-ўсходняга рэгіёна не раз праяўлялі беспрэцэдэнтна высокую грамадзянскую актыўнасць, заўсёды падтрымлівалі дзяржаўны курс на захаванне стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Тут жывуць сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Мы ўсе стаім на варце інтарэсаў нашай Радзімы, таму што Беларусь – гэта мы!
Беларусы будуюць незалежную дзяржаву, выразна разумеючы, што патрыятызм – гэта, у першую чаргу, адказнасць перад сваёй краінай. На гэтым зрабіў акцэнт губернатар Іван Крупко падчас канцэрта ў Мазыры:
– Мы з глыбокай павагай захоўваем памяць аб героях і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны: у Лоеве ўвекавечаны імёны 365 Герояў Савецкага Саюза, у Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна адкрыты адзіны ў свеце мемарыял дзецям – ахвярам вайны. Па ініцыятыве жыхароў стварылі комплекс на месцы спаленай вёскі Ала. Месцам прыцягнення патрыётаў сталі абноўленыя мемарыял вязням Азарыцкага лагера смерці і ваенна-гістарычны комплекс «Партызанская крынічка».
Старшыня аблвыканкама падзякаваў жыхарам рэгіёна за падтрымку ўлады і пажадаў вобласці міру і працвітання.
У фае "Палессе-Арэны" свае дасягненні прадставілі ваенна-патрыятычныя клубы вобласці, а вайсковыя часці прадэманстравалі новае ўзбраенне. Дапоўнілі выставу тэматычныя творы ад дзеячаў мастацтваў і стэнды маладзёжных арганізацый.
Свае нумары гледачам падарылі вядучыя творчыя калектывы вобласці і краіны. Хэдлайнерам стаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны Руслан Аляхно.