Грамадства
Пытанне ліквідацыі наступстваў стыхіі на Гомельшчыне застаецца на пастаянным кантролі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі
21.07.2024
Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко на ранішнім пасяджэнні аператыўнага штаба.
У першую чаргу кіраўнік дзяржавы кантралюе пытанне аказання дапамогі канкрэтным людзям. У размове з беларускім лідарам абмяркоўвалася пытанне пераходу на пастаянную схему энергазабеспячэння.
– Падтрымка нашай вобласці будзе аказана каласальная. Прэзідэнт запатрабаваў максімальнай канцэнтрацыі ўсіх рэсурсаў. У тым ліку на аб'ектах, дзе неабходна ў самыя кароткія тэрміны правесці работы па рамонце дахаў, – расставіў акцэнты губернатар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу не змяншаць тэмп сельгасработ.
Напружаная сітуацыя з падачай энергазабеспячэння ў асобныя домаўладанні застаецца ў двух раёнах вобласці – Жлобінскім і Рэчыцкім. За сённяшні дзень энергетыкі паспрабуюць вырашыць пытанне.
– Мы дакладна разумеем, дзе і якія брыгады павінны працаваць. Усяго задзейнічана 148 аварыйна-рамонтных брыгад. Задача на сёння – закрыць усе заяўкі, якія маюцца ад насельніцтва. Дынаміка станоўчая, прымаем усе меры, каб як мага хутчэй выканаць запланаваныя работы, – паведаміў падчас пасяджэння штаба міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Разгледзець пытанне прадастаўлення растэрміноўкі пры правядзенні рамонтных работ у дамах, пацярпелых ад штармавога ветру, даручыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Губернатар падкрэсліў, што людзі могуць самастойна набыць неабходныя матэрыялы, а падраздзяленні ЖКГ – дапамагчы з бягучым рамонтам домаўладанняў.
– Калі вырашыцца пытанне са святлом, актыўнымі тэмпамі пачнецца рамонт. Неабходна зрабіць ацэнку выкананых работ з мінімальнымі надбаўкамі для людзей і разгледзець пытанне прадастаўлення растэрміноўкі да аднаго года, – падсуміраваў Іван Крупко.