Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады абмеркавалі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад Гомельскай вобласці

25.11.2025
Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава. 

– Ключавая канцэпцыя новага пяцігоддзя – сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой – чалавек. У выніку рэалізацыі закладзеных у праекце напрамкаў Беларусь павінна стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі, – падкрэсліў Іван Крупко. 

Губернатар адзначыў, што ў праекце стратэгічна важнага для краіны дакумента вызначаны сем ключавых прыярытэтаў, запыт на якія неаднаразова гучаў у грамадстве:

– Адным з важных механізмаў рэалізацыі запланаваных мер стануць дзяржаўныя праграмы. Дзякуючы гэтаму механізму атрымаецца мабілізаваць неабходныя рэсурсы і скаардынаваць намаганні органаў улады для вырашэння пастаўленых задач. Спатрэбіцца цеснае і канструктыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы, бізнесу і грамадства, аб'яднанне намаганняў усіх слаёў насельніцтва. 

Праект праграмы дэлегатам УНС прэзентавала Алена Балігатава. Дакумент стане вяршыняй піраміды і будзе каскадавацца праз комплекс праграмных дакументаў: 20 дзяржаўных, 17 галіновых, 7 рэгіянальных і 38 навуковых праграм. 

Сем ключавых прыярытэтаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця – нацыянальная дэмаграфічная бяспека; развіццё чалавечага патэнцыялу; стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця; рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя; моцныя рэгіёны; умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі; рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу. 

Кожны напрамак напоўнены канкрэтнымі задачамі: будаўніцтва арэнднага жылля, развіццё дарожнай і транспартнай сеткі, рабатызацыя вытворчасцей, павышэнне аперацыйнай эфектыўнасці прадпрыемстваў, укараненне беспілотных сістэм ва ўсе сферы дзейнасці, рэалізацыя буйных інвестыцыйных праектаў на вёсцы, газіфікацыя і электрыфікацыя малых населеных пунктаў. Выніковасць выканання гэтых задач будзе ацэньвацца якаснымі індыкатарамі, іх каля 70. 

Пры стварэнні праекта праграмы ўлічвалі прапановы жыхароў Гомельскай вобласці. Напрыклад, актуальным бачыцца развіццё экалагічнага турызму на Прыпяцкім Палессі, а таксама змена фармату праграмы пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Дырэктар ААТ «Зорка» Чачэрскага раёна Галіна Трыбунах не першы год з'яўляецца дэлегатам УНС. Кіраўніка ў першую чаргу хвалююць пытанні развіцця сельскагаспадарчай галіны і малых населеных пунктаў: 

– Вялікі акцэнт у праграме зроблены на сельскай гаспадарцы. Хацелася б, каб будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў праходзіла больш на вёсцы. Таму што калі сяло пераедзе ў горад, харчовая бяспека краіны будзе пад пагрозай. Так што трэба развіваць сяло. Ацэньваю УНС на самым высокім узроўні. Дзякуючы цеснай сувязі з дэлегатамі людзі ведаюць, што ў нашай краіне робіцца ўсё для развіцця Рэспублікі, дабрабыту грамадзян і міру. 

З канкрэтнай прапановай – надаць увагу адсталым рэгіёнам і распрацаваць праграму для развіцця такіх тэрыторый – на сход прыйшла майстар дарожны прадпрыемства «Металургсацсэрвис» Святлана Каваленка:

– Я дэлегат УНС ад БРСМ, гатовая прымаць самы актыўны ўдзел у абмеркаванні ўсіх пытанняў. Моладзі важна бачыць і ведаць, якой будзе будучыня краін, як мы будзем жыць далей і што пакінем сваім нашчадкам.

Другое пасяджэнне VII УНС адбудзецца 18–19 снежня. Народнае веча ўпершыню будзе зацвярджаць стратэгічны напрамак сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ