Грамадства
Першарадная задача – аднавіць бураломныя ўчасткі. У абласным выканаўчым камітэце абмеркавалі падрыхтоўку да веснавой пасадкі лесу
20.03.2025
З прадстаўнікамі СМІ пагутарыў галоўны ляснічы Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Павел Клепча.
У 2025 годзе на веснавы перыяд аб'ём лесааднаўленчых работ на ўчастках, якія былі пашкоджаны ў выніку мінулагодняй стыхіі, складае 5635 гектараў.
З пачаткам вясны ўсе лясгасы актыўна ўключыліся ў работы па лесааднаўленні, аднак запавольваюць тэмп капрызы надвор'я.
Для Гомельскага лясгаса план пасадкі складае ўсяго 150 гектараў, прычым на ўчастках, дзе прайшлі планавыя рубкі. Гэта абумоўлена тым, што пашкоджанні, атрыманыя на плошчы 129 гектараў, удалося аднавіць яшчэ мінулай восенню.
– Як вядома, летні ўраган даставіў нямала клопатаў для рэгіёна. Больш за ўсё гэта адчулі ў Жлобінскім, Васілевіцкім, Рэчыцкім, Мазырскім і Калінка-віцкім лясгасах. Менавіта там трэба будзе выканаць сур'ёзны аб'ём работ па лесааднаўленні. Задзейнічаны будуць не толькі работнікі Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання, але і неабыякавыя жыхары вобласці, – адзначыў Павел Клепча.
Ён нагадаў, што 21 сакавіка стартуе акцыя "Дай лесу новае жыццё!", у рамках якой пасадзіць дрэвы змогуць усе жадаючыя. Для гэтага трэба звярнуцца ў бліжэйшыя лясгасы або лясніцтва і пакінуць заяўку. Пры пасадцы лясных культур пераважнымі пародамі стануць хвоя і бяроза. Увесь пасадачны матэрыял – з гадавальнікаў вобласці. Мерапрыемствы ў рамках акцыі пройдуць па 12 красавіка.