Грамадства
Памочнік міністра абароны Леанід Касінскі сустрэўся з ідэалагічным актывам вобласці
06.12.2024
Галоўнай тэмай сустрэчы стала забеспячэнне нацыянальнай бяспекі ва ўмовах глабальных выклікаў.
– Кожны жыхар нашай краіны павінен разумець, што асноўная задача, якую перад намі паставіў галоўнакамандуючы, – забяспечыць мір на беларускай зямлі. І яна будзе выканана, чаго б гэта нам ні каштавала, – адзначыў памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Леанід Касінскі. – Ад выканання гэтай задачы будзе залежаць і астатні спектр усіх складаючых нацыянальнай бяспекі, таму што калі не будзе мірнага неба над Беларуссю, то не будзе нічога.
Падчас выступлення памочніка міністра абароны таксама былі закрануты пытанні, звязаныя з распаўсюджваннем фэйкаў, палітычнымі тэхналогіямі, накіраванымі на маніпуліраванне свядомасцю людзей. Спікер расказаў аб формах і метадах, якія выкарыстоўваюць апаненты, каб расхістаць абстаноўку ў Беларусі.
– Усе мы з'яўляемся салдатамі развязанай супраць нас інфармацыйнай вайны. Таму кожны чалавек павінен крытычна ўспрымаць усё тое, што ён бачыць і чытае, – падкрэсліў Леанід Касінскі. -– Гомельская зямля – адзін з аб'ектаў уздзеяння нашых ворагаў у спробах дэстабілізаваць сітуацыю. Сёння гэты інфармацыйны ціск узмацняецца ў рамках электаральнай кампаніі, якая ідзе ў краіне.
Спікер заклікаў прысутных быць спакойнымі, ніколі не кіравацца эмоцыямі, бо яны могуць згуляць з намі злы жарт. Заўсёды трэба разумна ацэньваць абстаноўку, атрымліваць інфармацыю з вартых даверу крыніц, старанна правяраць яе.
– Неабходна дакладна разумець, хто супраць нас ваюе і якіх мэтаў ён хоча дасягнуць, падсуміраваў памочнік міністра абароны.