Грамадства
Пад Гомелем пасля рамонту адкрылі транспартную развязку на скрыжаванні трас М8 і М10
06.11.2024
Адкрыццё пасля рамонту транспартнай развязкі аўтамабільных дарог на скрыжаванні трас рэспубліканскага значэння М8 і М10 стала падарункам да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Ён даў старт руху па новым участку дарогі. Губернатар падкрэсліў, што пасля рамонту развязка аблегчыць нагрузку на напружаным участку трасы:
– Дарогі, пуцеправоды, масты – гэта крывяносная сістэма эканомікі нашай краіны. Прайшло сорак гадоў з моманту будаўніцтва гэтага пуцеправода. Нагрузка на яго высокая, каля 15 тысяч машын за суткі. Развязка неабходна нашым кіроўцам, яны і дадуць адзнаку якасці рамонту.
Пуцеправод быў пабудаваны ў 1984 годзе, за час эксплуатацыі на збудаванні не было сур'ёзных рамонтаў. Дарожнікі выканалі рэканструкцыю за паўгода. На мосце і падыходах да яго адрамантавана палатно, заменена гідраізаляцыя, укладзена новае асфальтабетоннае пакрыццё, заменена агароджа, адрамантаваны жалезабетонныя апоры і бэлькі пралётнай будовы.
Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, у розных кутках нашай вобласці вядуцца работы на дваццаці мастах і пуцеправодах, згодна з планам дванаццаць з іх увядуць да канца года.
Генеральны дырэктар «Гомельаўтадара» Дзяніс Ясько падзякаваў калегам за аператыўную працу і адзначыў, што на рамонце былі задзейнічаны ўсе філіялы прадпрыемства.