Грамадства
На аднаўленне электрасетак у Гомельскай вобласці спатрэбіцца каля месяца: вынікі ранішняга пасяджэння штаба
19.07.2024
На поўнае аднаўленне электрасетак спатрэбіцца не менш як месяц. Такі прагноз агучылі энергетыкі на пасяджэнні штаба па ліквідацыі наступстваў стыхіі пад старшынствам губернатара Івана Крупко.
Увесь гэты час у малых населеных пунктах будуць працаваць дызель-генератары, часовыя станцыі забяспечаць палівам і паставяць пад ахову.
На гэты момант аварыйныя брыгады выехалі ў населеныя пункты, дзе застаюцца непадключанымі асобныя домаўладанні. Першыя на чарзе – сем'і з дзецьмі, адзінокія і грамадзяне, якія жывуць адзінока, пенсіянеры. У выхадныя па заяўках будуць падключаць дачныя дамы і абанентаў, якія прыязджаюць у бацькоўскую хату на нейкі час. Да ўстаранення ўсіх парушэнняў на Гомельшчыне будзе працаваць больш за сто брыгад.
Зрабіць рэвізію ўсіх пашкоджаных сетак і скласці пакрокавы графік іх аднаўлення з указаннем населеных пунктаў, якія ад іх забяспечваюцца, – такое даручэнне энергетыкам даў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак падчас пасяджэння аператыўнай нарады штаба:
– Трэба нарошчваць максімальна ўсе сілы, каб у пазначаныя тэрміны выканаць пастаўленыя задачы.
Будаўнічыя матэрыялы для аднаўлення прыватных домаўладанняў павінны быць і ў буйных сеткавых, і ў невялікіх прыватных крамах, каб людзі маглі купіць усё неабходнае для рамонту, – даручэнне кіраўніка рэгіёна Івана Крупко галоўнаму ўпраўленню гандлю і паслуг аблвыканкама.
Дамоўленасць аб пастаўках будматэрыялаў з прадпрыемствамі рэспублікі ёсць, яны будуць паступаць у аб'екты гандлю па заяўках.
Гарачыя тэлефонныя лініі па пытаннях ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі пераходзяць з кругласутачнага рэжыму працы на ўзмоцнены: з 8.00 да 22.00.