Гітарны рэкорд пры выкананні песні "Гарадскія кветкі" ўстановяць на фестывалі ў Гомелі
Гамяльчан і гасцей горада запрашаюць 11 верасня стаць удзельнікамі маштабнага музычнага дзейства - адкрытага фестывалю "Рэнесанс гітары", які прымеркаваны да Дня горада, паведамілі БЕЛТА ў гарвыканкаме.
Фестывальная пляцоўка размесціцца на набярэжнай ракі Сож. Аргкамітэт імкнецца зрабіць праграму юбілейнага свята незабыўнай. Чакаецца, што аматараў інструментальнай музыкі парадуе традыцыйны канцэрт. Таксама прадугледжаны элементы, якія зададуць новы імпульс фестывалю.
У бягучым годзе міжнароднаму форуму гітарыстаў спаўняецца 30 гадоў. Яго ідэйным натхняльнікам і арганізатарам з'яўляецца гітарыст і кампазітар, уладальнік медаля Саюза гітарных майстроў Расійскай Федэрацыі, а таксама "Гітарнага Оскара" за ўклад у сусветнае гітарнае мастацтва Ігар Шошын. За гісторыю фестывалю яго ўдзельнікамі сталі гітарысты з 20 краін.
Фішкай фестывалю ўжо шмат гадоў застаецца выступленне зводнага гітарнага аркестра, які аб'ядноўвае больш за 100 гітарыстаў. Напрыклад, у 2016 годзе быў устаноўлены рэкорд па колькасці ўдзельнікаў. Тады, як адзначылі ў гарвыканкаме, 152 гітарысты сумесна выканалі каля 10 вядомых твораў.
У бягучым годзе плануецца ўстанавіць новы інструментальны рэкорд - масавае выкананне папулярнай песні Максіма Дунаеўскага "Гарадскія кветкі". Кампазіцыя прагучыць у выкананні максімальна магчымай колькасці гітарыстаў. Яшчэ ёсць час, каб вывучыць ноты і акорды песні "Гарадскія кветкі" і далучыцца да свята. Дарэчы, і падпяваць дазваляецца.
Спецыяльным госцем фестывалю стане заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Малежык. Таксама чакаюцца госці з Обнінска, Бранска, Калугі, Магілёва.
Старт фестывалю ў 17.00, яго кульмінацыя, калі зводны гітарны аркестр паставіць музычны рэкорд, чакаецца ў 21.00.