Грамадства
Чарговы пункт візіту журналістаў на Жлобіншчыну – Беларускі металургічны завод
19.11.2024
У музеі прадпрыемства гасцям расказалі пра гісторыю стварэння металургічнага гіганта, які адзначыў 40-гадовы юбілей.
На БМЗ 11 тысяч чалавек, прадпрыемства працуе ў кругласутачным рэжыме. Кожную гадзіну выплаўляецца каля 300 тон вадкай сталі. У журналістаў была магчымасць асабіста паназіраць за працэсам падчас наведвання электрасталеплавільнага цэха.
Удзельнікі прэс-туру азнаёміліся таксама з вытворчасцю канатнага ўчастка сталедротавага цэха і ўзорамі яго прадукцыі.
Падчас прэс-канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва прадпрыемства журналісты змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць. Яны датычыліся супрацоўніцтва з Расіяй, якасці выпускаемай прадукцыі, навучання кадраў.
Адзначалася, што БМЗ – буйнейшы вытворца металакорду ў свеце. У Беларусі нарыхтоўваецца толькі палова неабходнай для загрузкі магутнасцей сыравіны, астатняе забяспечвае Расійская Федэрацыя. 60% выпускаемай прадукцыі высокай якасці пастаўляецца на расійскі рынак. На базе прадпрыемства існуе свой навучальны цэнтр, які ажыццяўляе не толькі падрыхтоўку новых кадраў, але і павышэнне кваліфікацыі ўжо існуючых.
– Раней пра БМЗ не чуў, але вельмі рады, што ёсць такі магутны завод. Убачыў, як адбываецца выплаўка сталі, эфектна. Хлопцы вельмі ўразілі – спакойныя, упэўненыя. У Расіі шмат металургічных гігантаў, якія функцыянуюць ужо даўно, гэты завод адносна малады, яму ўсяго 40 гадоў, але вельмі выдатна, што мы працуем сумесна – частка металалому, які перапрацоўваецца, прыходзіць з Расіі. Прыемна, што мы застаемся брацкімі народамі, – адзначыў карэспандэнт "Камсамольскай праўды" Рыгор Кубацьян.