Улада
У Гомелі праходзіць чарговая сесія Школы маладога кіраўніка аграпрамысловага комплекса
27.08.2024
У пачатку сесіі перад удзельнікамі выступіў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Гэты кадравы праект, унікальны ў маштабах краіны, праходзіць трэці год падрад. Школа маладога кіраўніка паспела сябе выдатна зарэкамендаваць, гэты вопыт відавочна трэба распаўсюджваць на ўсю краіну, упэўнены Юрый Горлаў. Эфектыўнасць пры падборы кадраў відавочная. І якіх кадраў – кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Тых, каго яшчэ нядаўна нельга было знайсці днём з агнём. Цяпер жа такія пасады займаюць не проста выпадковыя людзі, а падрыхтаваныя прафесіяналы, якія атрымалі на працягу паўгода магутную тэарэтычную базу, спрактыкаваныя ў абмене вопытам з калегамі ў перадавых гаспадарках. А галоўнае, яны набіраюцца розуму ў настаўнікаў – прызнаных аўтарытэтаў галіны. Праводзяць з імі планёркі, вучацца ўзаемадзейнічаць з калектывам. Усё на наглядных прыкладах, без адрыву ад вытворчасці.
Як адзначыў адзін з удзельнікаў праекта Аляксандр Мініч, менавіта такая перадача вопыту – ад масцітых кіраўнікоў да моладзі – і з'яўляецца асноўнай фішкай школы.
Зусім нядаўна, падкрэсліў памочнік Прэзідэнта, на кадравым дні губернатар Іван Крупко ўзгадніў на пасаду дырэктара сельгаспрадпрыемства як раз выпускніка мінулага набору школы. У цэлым кожны ўдзельнік павінен быць гатовы заняць адказную пасаду ў любы час – у любым раёне вобласці.
Традыцыйна сесія праходзіць два дні. Першы ўключыў у сябе тэарэтычныя заняткі ў аблвыканкаме, увагу акцэнтыравалі на тэхналогіях вырошчвання буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака. У другі дзень у Рэчыцкім раёне пройдзе практычны семінар на базе КСУП «Агракамбінат «Холмеч». Асноўныя тэмы: уборка кукурузы на сілас і нарыхтоўка кармоў, будаўніцтва сіласна-сянажных траншэй.