Улада
Старшынёй абласнога Савета дэпутатаў абрана Кацярына Зянкевіч
05.03.2024
Адбылася першая сесія аблсавета 29-га склікання. Удзел у рабоце сесіі прынялі губернатар Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Кацярына Анатольеўна Зянкевіч узначальвае Гомельскі абласны Савет дэпутатаў з сакавіка 2018 года. На гэтай першай сесіі 29-га склікання аблсавета адбылося яе перавыбранне старшынёй дэпутацкага корпуса Гомельшчыны. Рашэнне абранымі дэ-путатамі новага склікання (49 з 57 – кворум дасягнуты) прынята аднагалосна.
Аб прадукцыйнай працы дэпутатаў вобласці ў справаздачным перыядзе сведчыць паспяховая рэалізацыя сацыяльна значных праектаў, ператварэнне ў лепшы бок населеных пунктаў – ад буйных гарадоў да самых аддаленых сельскіх куткоў. Перыяд быў няпростым, падкрэсліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко, на час мінулага склікання прыпала і пандэмія, і сур'ёзныя грамадска-палітычныя ўзрушэнні. Але дэпутаты адпрацавалі зладжана і эфектыўна, пра што гавораць канкрэтныя вынікі.
Кацярына Анатольеўна падзякавала калегам за аказаны давер і падкрэсліла, што і надалей усе намаганні дэпутатаў рэгіёна будуць накіраваны на развіццё і працвітанне роднага краю, стабільную работу ўсіх галін народнай гаспадаркі і, вядома ж, на павышэнне якасці жыцця грамадзян, умацаванне іх здароўя і дабрабыту, вырашэнне пытанняў, якія хвалююць людзей.