Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Улада
Улада

На пасяджэнні аблвыканкама ў Гомелі абмеркавалі пытанне ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны

21.08.2025
Разгледжаны пытанні выканання Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 1, а таксама гатоўнасць устаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. Працу ўзначаліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Дынаміка станоўчая

За 20 гадоў з моманту прыняцця Дырэктывы намецілася станоўчая тэндэнцыя: колькасць загінулых людзей скарацілася ў пяць разоў. За першае паўгоддзе на Гомельшчыне загінулі 189 чалавек, з іх шэсць – на вытворчасці. Найбольш траўманебяспечнымі ў 2025 годзе сталі сельская гаспадарка, ЖКГ і прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай галіны. Прычыны траўматызму ў 40% выпадкаў – парушэнне самімі пацярпелымі выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы, у 20% – асабістая неасцярожнасць. У 22% работадаўца не забяспечыў бяспечныя ўмовы працы. Як і раней на статыстыку ўплываюць згубныя звычкі працуючых: прыхільнасць да алкаголю станавілася фатальнай акалічнасцю ў большасці выпадкаў. 

Усімі дзяржаўнымі органамі праводзіцца прафілактычная работа: тыдні нулявога траўматызму, мабільныя групы, акцыі, навучальныя семінары. Вынікі ёсць: у чатырох раёнах вобласці – Веткаўскім, Ельскім, Нараўлянскім, Кастрычніцкім – адзначаны нулявы траўматызм. Пры пажарах не дапушчана гібелі дзяцей, назіраецца зніжэнне ўтапленняў. У асобных раёнах прафілактыку і кантроль варта ўзмацніць.

– Не ўпершыню падымаем тэму выканання патрабаванняў Дырэктывы. Гэта не проста прававы дакумент, гэта сістэма каардынат, галоўнай мэтай якой з'яўляюцца жыццё і здароўе нашых грамадзян. Практыку нулявога траўматызму ніхто не адмяняў. Адсутнасць цяжкіх траўмаў у некаторых галінах не падстава для самазаспакаення, а кантроль на месцах павінен быць штодзённым. Дзе ёсць дысцыпліна і жорсткі кантроль – вынік у наяўнасці. Жыццё чалавека не мае цаны. Ставіцца да патрабаванняў Дырэктывы мы павінны не як да планавай працы, а як да асабістай адказнасці. Мэта ў нас адна – моцная і здаровая нацыя, – падкрэсліў Іван Крупко.  

Губернатар адзначыў, што за апошні год частка пастаўленых раёнам задач выканана: укамплектавана служба аховы працы, прыняты дадатковыя меры ў сельскай гаспадарцы, дзе не зафіксавана ніводнага выпадку гібелі людзей. Праводзіцца сістэматычная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы пастоў ОСВОД. 

Узмацніцца раёнам трэба ў пытаннях агароджы доступу да пустуючых будынкаў, устаноўкі пажарнай сігналізацыі ў інтэрнатах, узмацненні дарожнай бяспекі. 

Без фармалізму 

Усе ўстановы адукацыі дапушчаныя да пачатку навучальнага года. Пытанне абмеркавалі на пасяджэнні аблвыканкама. Як падкрэсліў губернатар Іван Крупко, пры падрыхтоўцы школ і дзіцячых садоў да 1 верасня праведзена каласальная праца. 

Школьнікаў і дашкольнікаў рэгіёна сустрэнуць 1112 устаноў адукацыі, упершыню за парты сядзе больш за 14 тысяч першаклашак. Праведзена маштабная падрыхтоўчая работа па забеспячэнні дастойных умоў для падвозу, харчавання дзяцей, іх бяспекі. 

У вобласці завяршаецца ўстаноўка сістэм кантролю і кіравання доступам, відэаназірання. Абноўлены навучальныя майстэрні, вокны і дахі, набыта абсталяванне для спецыялізаваных класаў, сталовых, закуплена мэбля. Чакаецца каля 800 маладых спецыялістаў. 

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў гэтым годзе асаблівую ўвагу надалі мадэрнізацыі прылеглых да маладых мікрараёнаў Гомеля садоў і школ:
 
"Мы сышлі ад будаўніцтва новых устаноў адукацыі і стварылі ўмовы для існуючых і зноў пабудаваных мікрараёнаў".

Акрамя таго, кіраўнік рэгіёна запатрабаваў паставіцца адказна да добраўпарадкавання прылеглых тэрыторый:

"Добраўпарадкаванне – гэта не факультатыўная частка працы, а маркер кіраўніцкай культуры. Тэрыторыя павінна быць бяспечнай, сучаснай, дагледжанай і ўтульнай. Школа не толькі месца навучання, але і прастора выхавання асобы".

Абмеркавалі таксама пытанні прафарыентацыйнай работы. Кіраўнік рэгіёна падзякаваў педагогам за праяўлены ў мінулым навучальным годзе высокі прафесіяналізм:

"Разам з навучэнцамі вы дамагліся высокіх вынікаў на ўзроўні рэспублікі". 

Удзел у пасяджэнні прынялі міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Сяргей Салановіч, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.

Даручэнне губернатара 

Сацыяльнаму блоку рэгіёна – падрыхтаваць прапановы па комплекснай, сістэмнай працы з грамадзянамі, якія адзінока пражываюць.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ