Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Улада
Улада

На пасяджэнні аблвыканкама разгледзелі гатоўнасць АПК да веснавых палявых работ

01.04.2025
Увагу завастрылі на правядзенні пасяўной у аптымальныя тэрміны, стварэнні трывалай кармавой базы. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Структура перагляду не падлягае
У рэгіёне зацверджана структура пасяўных плошчаў. Плануецца пасеяць яравых каласавых збожжавых, зернебабовых і крупяных культур на плошчы 93,9 тысячы гектараў, кукурузы на зерне – на 90 тысячах гектараў (на сілас – 194,5 тысячы), шматгадовых траў – амаль на 30 тысячах гектараў.
Структура з улікам складаных умоў надвор'я на Гомельшчыне распрацоўвалася сумесна з навуковымі супрацоўнікамі НАН Беларусі. Яна не падлягае перагляду, падкрэсліў Іван Крупко, даведзеныя планы абавязковы да выканання ўсімі гаспадаркамі незалежна ад формы ўласнасці. 
Ранняя вясна зрушыла тэрміны пачатку работ. Дзякуючы намаганням шэрагу гаспадарак, у вобласці сяўба ранніх яравых збожжавых ужо выканана на 51%. Важкую ролю ва ўпэўненым старце і ходзе ўсёй кампаніі павінны адыграць пяць створаных механізаваных міжраённых атрадаў. 
У той жа час, ёсць раёны, дзе заўважана адставанне па асноўных відах работ, гэта Добрушскі, Лоеўскі і шэраг іншых раёнаў. 
Акцэнтавалі ўвагу на забеспячэнні кандыцыйным і элітным насеннем, іх пастаўкі павінны праходзіць своечасова, зацягваць тэрміны пасяўной недапушчальна. 
Адна з важных частак у складзе кліна траў, якая неабходна для стварэння трывалай кармавой базы, – люцэрна. Яе магутная каранёвая сістэма дазваляе здабыць вільгаць нават у засушлівыя перыяды. Дадайце высокую бялковую пажыўнасць і атрымаем цалкам незаменную ва ўмовах нашага клімату культуру. 
Яшчэ адна традыцыйная стаўка – на кукурузу. Таксама засухаўстойлівая культура, але, як заўважыў губернатар, патрабуе ўвагі ў плане захавання тэхналогій. Інакш можна атрымаць сцёблы "па калена", а гэта не што іншае, як распыленне сродкаў. 
Старшыня аблвыканкама пазначыў тэрміны работ, агульныя для аграрыяў. Сяўбу ранніх яравых неабходна правесці да 1 мая. Да гэтага ж часу пасеяць шматгадовыя травы. Далей спакойна займацца сяўбой кукурузы. Перазалужэнне ўгоддзяў трэба завяршыць прыкладна да 1 чэрвеня, у залежнасці ад надвор'я і ўмоў мясцовасці.

Тэхнікі хапае, угнаенняў таксама – працуем
Натуральна, кіпіць работа на палях па ўнясенні мінеральных угнаенняў. На 25 сакавіка ў вобласці вывезена больш за 6,6 тысячы тон арганічных угнаенняў (103% ад плана), пры гэтым унесена больш за 3,5 тысячы тон.
Трэба задзейнічаць усе неабходныя рэзервы, сказаў Іван Крупко, каб унясенне ўгнаенняў праходзіла ў запланаваныя тэрміны – без зрываў па тэхнічных, лагістычных, кадравых і іншых прычынах. 
Агульная гатоўнасць сельгастэхнікі да работ складае 96%. Той жа ўзровень па энерганасычаных трактарах, па глебаапрацоўчай тэхніцы – 98%, па пасяўной – 95%. Падрыхтоўку трактароў трэба паскорыць у Буда-Кашалёўскім, Жлобінскім, Кармянскім, Лельчыцкім, Светлагорскім, Хойніцкім раёнах. 
Нездавальняючай назваў губернатар работу па праходжанні сельгастэхнікай тэхаглядаў. Бяспека на дарогах – найважнейшы фактар, да адказных асоб, якія не выканалі гэтую задачу, прымуць дысцыплінарныя меры. Але няспраўная тэхніка і прычэпы да пасяўной дапушчаны не будуць. 
Закранулі і пытанні забеспячэння гаспадарак палівам. У рэгіёне аптымізаваны і скарочаны нормы расходу на розных відах работ. Выкарыстоўваецца абсталяванне, якое дазваляе кантраляваць расход. За перавышэнне нормаў кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў нясуць адказнасць. Задача эканоміі паліва даведзена паўсюдна. 
На чым нельга эканоміць, дык гэта на бяспецы, спецвопратцы і сродках індывідуальнай абароны, гарачым харчаванні для механізатараў. Пры гэтым асаблівую ўвагу надаць аплаце працы – працаўнікоў палёў важна стымуліраваць на ўдарную работу. 
Абмеркавалі таксама рэарганізацыю шэрагу сельгаспрадпрыемстваў у розных раёнах вобласці. Галоўным чынам гаворка ідзе аб далучэнні адных гаспадарак да іншых, аптымізацыі колькасці работнікаў, скарачэнні выдаткаў і дакументазвароту. За кошт прынятых мер плануецца павысіць вытворча-фінансавыя паказчыкі арганізацый.
Удзел у пасяджэнні прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч. 

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ