Улада
На пасяджэнні аблвыканкама абмеркавалі рэалізацыю інвестыцыйнай праграмы "Адзін раён – адзін праект"
10.09.2024
Разгледжаны як паспяховыя прыклады новых прадпрыемстваў, так і недапрацоўкі на месцах, спосабы іх устаранення. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Рэалізацыя ідзе, але рызыкі застаюцца
Праграма, згодна з якой у Беларусі кожны раён павінен мець мінімум адну новую перспектыўную вытворчасць, стартавала ў 2022 годзе. На Гомельшчыне фактычна пачалі яшчэ раней, з 2020-га, у нас няма тэрыторый без такіх прадпрыемстваў, але ў асобных раёнах застаюцца пытанні: да саміх праектаў, тэрмінаў, эфектыўнасці і акупнасці, стварэння працоўных месцаў.
З 33 запланаваных інвестпраектаў дзевяць поўнасцю рэалізаваны. Ёсць раёны, дзе застаюцца асцярогі ў плане рытмічнасці функцыянавання арганізацый, выхаду на ўстойлівую прыбытковую работу. У Ельскім раёне прадпрыемства, якое ўжо працавала, пасля рэарганізацыі фактычна спыніла існаванне. Хаця на Ельшчыне ёсць варыянты, у сферы дрэваапрацоўкі і ў іншых напрамках.
У Мазырскім раёне пэўныя цяжкасці з адкрыццём лесазавода, аднак і тут да канца пяцігодкі на замену прадугледжана новая швейная вытворчасць.
У цэлым у рэгіёне ў распрацоўцы застаюцца больш за 100 праектаў, якія падыходзяць па крытэрыях да праграмы, над іх рэалізацыяй прадоўжаць актыўна працаваць, кантраляваць усе працэсы.
Што не атрымоўваецца на месцах? У прыклад прывялі Брагіншчыну, дзе пелетны завод створаны, працуе, але ўзніклі цяжкасці з рынкамі збыту. Прадукцыя ляжыць на складзе, не раскупляецца, заказчыкаў шукаюць у замежных краінах.
Як падкрэсліў губернатар, у такіх выпадках важна мець нешта на замену, бо даручэнне Прэзідэнта і ўрада ніхто не адмяняе: адзін рэалізаваны эфектыўны праект на раён мінімум – да канца пяцігодкі.
Неабходна прыгледзецца да розных сфер, няхай не самым відавочным на першы погляд, дзе рэальна стварыць невялікае прадпрыемства, не абавязкова прыватнай, можна і камунальнай формы ўласнасці. Гэта магла б быць сфера ЖКГ ці будаўніцтвы. Не дубліраваць функцыі будаўнічых арганізацый, якія ўжо існуюць у раёне, а адкрыць, напрыклад, дадатковы ўчастак па выпуску асобных відаў прадукцыі, напрыклад, малых архітэктурных форм. Або ўчастак па рамонце пэўных відаў тэхнікі, абсталявання. Або, як варыянт, пры наяўнасці ў раёне камбіната хлебапрадуктаў адкрыць прадпрыемства па выпуску арыгінальных хлебабулачных вырабаў.
Нельга зацыклівацца на адным з патрабаванняў праграмы – забеспячэнні патрэбнай колькасці працоўных месцаў. Спачатку трэба адкрыць прадпрыемства, даць яму папрацаваць, адчуць рынак, выйсці на рост аб'ёмаў вытворчасці, а там і штат можна нарошчваць.
Фотапасткі супраць "свіней"
У аблвыканкаме прайшла таксама апаратная нарада, яе асноўнай тэмай сталі звароты грамадзян у органы ўлады. Асаблівую ўвагу ўдзялілі калектыўным зваротам, хоць і з індывідуальнымі, як было падкрэслена, прадоўжаць працаваць ва ўстаноўленым парадку, з захаваннем усіх тэрмінаў.
Усяго з пачатку года ў розныя інстанцыі паступіла амаль 3000 зваротаў. Гэта крыху больш, чым за той жа перыяд 2023-га. Шэраг скаргаў звязаны з падтапленнямі і ўстараненнем наступстваў урагану.
Абмеркавалі звароты, звязаныя з гандлем з зямлі сапсаванай садавінай, захламленне лясоў бытавым смеццем. Абвінавачаных у парушэнні правілаў гандлю прадпрымальнікаў чакаюць штрафы і закрыццё аб'ектаў продажу. Для барацьбы з аматарамі пазбаўляцца ад хламу ў лесфондзе будуць выкарыстоўваць фотапасткі.
Пастаўлена таксама дакладная задача: на ўсіх сайтах райвыканкамаў забяспечыць даступнасць і чытальнасць інфармацыі аб тэрмінах і змесце работ па капітальных рамонтах у жылфондзе, рамонтах вулічна-дарожнай сеткі.
Удзел у рабоце пасяджэння прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.