Улада
На пасяджэнні аблвыканкама абмеркавалі падрыхтоўку арганізацый Гомельшчыны да ацяпляльнага перыяду
28.05.2025
Увагу акцэнтавалі на мадэрнізацыі кацельнага абсталявання. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Пераходзім на пялеты
У рэгіёне распрацавана і ўжо актыўна рэалізуецца праграма падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду. Праца вядзецца па 55 напрамках, найбольш важныя – замена цеплавых і водаправодных сетак, абнаўленне жылфонду, мадэрнізацыя кацельняў з пераходам на ацяпленне пялетамі.
Было адзначана, што акцэнт на мясцовыя віды паліва распаўсюдзіцца на ўсе раёны. У вобласці з'явяцца шэсць кацельняў, якія працуюць толькі на пялетах, на шэрагу аб'ектаў прыменяць камбінаваны падыход. Ацяпленне газам захаваецца як рэзервовы спосаб. Блакітным палівам будуць таксама ацяпляць у пікавыя перыяды, асабліва пры нізкіх сярэднесутачных тэмпературах.
У сувязі з гэтым актывізавана нарыхтоўка лесаматэрыялаў, дроў і дранкі: для патрэб кацельняў і насельніцтва. У паскораным тэмпе рамантуюцца навесы для захоўвання драўніны.
Вялікі аб'ём работ запланаваны ў жыллёвым фондзе. Не толькі ў шматкватэрным, але і ў прыватных домаўладаннях. Напрыклад, гадавы план па рамонце дахаў выкананы на 37%. Будуць актыўна будавацца і рамантавацца дарогі, маставыя збудаванні, грэйдзіравацца перыферыйныя вуліцы ў гарадах і сельскай мясцовасці. Энергетыкі вобласці рэалізуюць шырокі комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі і павышэнні надзейнасці электрычных і цепласетак. Гэтыя работы ідуць акуратна па графіку.
Пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі павінны здаць да 1 верасня. У мінулым сезоне, дарэчы, на 31 жніўня ўсе пашпарты гатоўнасці ў рэгіёне былі атрыманы. Аднак больш за 50 арганізацый у розных раёнах дапусцілі усялякія парушэнні, у тым ліку невыкананне прамежкавых тэрмінаў падрыхтоўкі аб'ектаў. Сёлета іх чакае больш жорсткі кантроль.
Мінімізацыя прастояў
Не павінна быць прамаруджванняў і недапрацовак у перакладванні асноўных цеплатрас у раёнах, падкрэсліў Іван Крупко. Калі не хапае людзей, неабходна ўзмацняць брыгады, пераводзіць кадры з іншых профільных арганізацый.
Вельмі важна па максімуму пазбегнуць эксцэсаў з выхадам са строю абсталявання кацельняў восенню і зімой. Усе тэхнічныя моманты, праблемы неабходна прадугледзець і ліквідаваць да халадоў.
Як заўсёды асаблівую ўвагу, заўважыў губернатар, нададуць гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду сельскагаспадарчых аб'ектаў. Мабільныя крыніцы бесперабойнай энергіі, якія ёсць у наяўнасці, неабходна падрыхтаваць, выпрабаваць, утрымліваць па ўсіх правілах. У раёнах іх абавязаны аператыўна задзейнічаць пры першай жа патрэбе. Важна мінімізаваць рызыкі прастояў на жывёлагадоўчых фермах, у іншых сферах вытворчасці.
Удзел у пасяджэнні прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.
ДАСЛОЎНА
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко: "Пашпарты гатоўнасці здаць да 1 верасня. За месяц да даты, якая ўстаноўлена ў цэлым па краіне. На Гомельшчыне так робіцца ўжо традыцыйна, не першы год. Да халадоў рыхтуемся з запасам часу"