Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Улада
Улада

На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме разгледзелі ход работ у АПК, гатоўнасць да зімы і пытанні добраўпарадкавання

15.09.2025
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко таксама акцэнтаваў увагу на падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб'ектаў да зімова-стойлавага перыяду 

Фарміруем будучы ўраджай

Дзве задачы першараднай важнасці ў АПК: сяўба азімых і нарыхтоўка кармоў. Паралельна ў гаспадарках ідзе ўзворванне глебы, участкі рыхтуюць пад сяўбу. 

Па стане на панядзелак азімыя збожжавыя культуры ў рэгіёне пасеяны на 19% плошчаў. Усе раёны, адзначылі ў аблсельгасхарчы, ідуць адзіным тэмпам, некалькі паскорыцца трэба аграрыям Лельчыцкага. За суткі ў вобласці засяваецца каля 6,3 тысячы гектараў. Аднак адназначна трэба павышаць да 8,5–9 тысяч гектараў. 

– Не забывайце, што мы фарміруем ураджай наступнага года. Ні адзін пагодлівы дзень не павінен быць выпушчаны. Падцягвайце рэсурсы і нарошчвайце тэмпы сяўбы, – падкрэсліў Іван Крупко. 

Перад АПК пастаўлена дакладная задача: завяршыць восеньскую пасяўную не пазней за 5 кастрычніка. Гэта аптымальны агратэхнічны тэрмін. 

Корманарыхтоўкі ў раёнах ідуць актыўна, у нарыхтоўцы сіласу дасягнуты нават рэкордныя паказчыкі. Аднак і ў гэтым кірунку даручана не зніжаць абароты, максімальна выкарыстоўваць спрыяльныя ўмовы надвор'я. Бо працы яшчэ шмат. 

Пасткі для парушальнікаў чысціні

Пытанні навядзення парадку ў населеных пунктах разгледзелі на прыкладзе Добрушскага раёна. Сярод тыповых недапрацовак названыя няякаснае і несвоечасовае абкошванне асобных участкаў, прылеглых да прадпрыемстваў, арганізацый, наяўнасць несанкцыянаваных звалак адходаў. Трэба будзе таксама паскорыць працу па зносе невыкарыстоўваемых пабудоў з наступным уцягваннем у абарот участкаў, якія вызваліліся.

З нагоды стыхійных звалак выказана меркаванне аб магчымасці ўстаноўкі фотапастак і відэакамер у найбольш праблемных месцах. У кожным полі такое абсталяванне не паставіш, але рухацца ў гэтым кірунку неабходна.

Рыхтуем фермы і катлы

Дадзена ацэнка рабоце па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб'ектаў да зімоўкі. Найбольш нізкімі тэмпамі яна праходзіць у Жлобінскім, Кармянскім, Лоеўскім раёнах. Там выканана менш за 80% да плана. Павінны падцягнуцца таксама ў Гомельскім, Кастрычніцкім, Ельскім.

Падключаць больш людзей, адшукваць дадатковыя сродкі, праводзіць суботнікі, але здаваць аб'екты ў належны тэрмін – такое агульнае даручэнне губернатара для ўсіх гаспадарак.

Акрамя таго, абмеркавалі падрыхтоўку да зімы спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц. Паўсюдна ідзе пераабсталяванне кацельняў для працы на мясцовых відах паліва (дранка, пялеты). Некаторыя аб'екты чакае поўная мадэрнізацыя. На час прастою асноўнага абсталявання будзе задзейнічана рэзервовае. У асобных выпадках – перасоўныя кацельні. 

Гомельшчына знаходзіцца на першым месцы ў рэспубліцы па рэгістрацыі цеплакрыніц і атрыманні аб'ектамі пашпартоў гатоўнасці. Важна не выпусціць гэты тэмп, не збіцца з графіка работ. 

Драўніну з абочын і ўзлесак далоў

Даручэнне Прэзідэнта Беларусі па вывазе драўніны з узлескаў, дарог і ўчасткаў, якія прымыкаюць да сельгасугоддзяў, да 1 верасня выканалі практычна ўсе лясгасы Гомельшчыны. Выключэнне – Ельскі лясгас, дзе не змаглі навесці парадак з-за пераўвільготненасці глебы і дрэннай дарогі на адным з участкаў лесфонду каля Васілевічаў. 

Да 12 верасня дарога была адрамантаваная, і лесаводы пачалі вывозіць драўніну, пры гэтым задзейнічалі максімальную колькасць тэхнікі. Большая частка вывезена за суботу і нядзелю. На момант выхаду нумара задача павінна быць ужо выканана. 

Даручэнне губернатара

Старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам сельгасарганізацый, адказным службам – павялічыць тэмпы сяўбы азімых збожжавых культур.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ