На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі тэму арганізацыі школьнага харчавання
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко таксама падкрэсліў, што неабходна свое-часова ўстараняць выяўленыя заўвагі па навядзенні парадку ў раёнах Гомельшчыны.
У чысціні і парадку
Тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі разабралі на прыкладзе Акцябрскага раёна. Абследаванне праводзілася як на агульнадаступных тэрыторыях, так і на участках, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці.
У цэлым тэрыторыі ўтрымліваюцца ў належным стане, разам з тым на асобных пляцоўках назіраецца безгаспадарчасць, месцамі трэба пакасіць траву і прыбраць сухую расліннасць. У некаторых населеных пунктах патрабуецца ўстаноўка дадатковых кантэйнерных пляцовак для збору смецця. Акрамя таго, па ўсёй вобласці назіраецца засмечванне тэрыторый паблізу гаражных кааператываў.
Кіраўнік рэгіёну акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўладкавання пляцовак для буйнагабарытных адходаў, уцягванні ў абарот зямель і аб'ектаў, якія не выкарыстоўваюцца, своечасовым тампанажу свідравін.
Меню як у рэстаране
Яшчэ адно з пытанняў апаратнай нарады – арганізацыя школьнага харчавання. На гэты момант у галіне кормяць 214 тысяч навучэнцаў, з іх 157 тысяч школьнікаў.
Працу ажыццяўляюць камбінаты школьнага харчавання і аддзелы адукацыі. Рэгу-лярна праводзіцца анкетаванне са школьнікамі і іх бацькамі для выяўлення страў, якія ім падабаюцца больш за іншых. У планах – узгадненне варыятыўнага дзесяцідзённага меню сумесна з санітарнай службай вобласці.
За апошні час укаранёна больш за 70 новых страў, усяго ж у меню іх больш за 300. Маніторынг паказаў, што больш за ўсё ежы ў талерках пакідаюць навучэнцы 5–8 класаў. І не таму, што стравы нясмачныя, гэта хутчэй смакавыя перавагі рабят. Напрыклад, неахвотна яны з'ядаюць складаныя салаты і рыбныя стравы, супы.
Патрабаванне губернатара – прывесці да аднастайнасці арганізацыю харчавання школьнікаў ва ўстановах адукацыі Гомельшчыны, строга выконваць нормы і тэхналагічныя патрабаванні пры падрыхтоўцы страў, рэгулярна праводзіць маніторынгі камбінатаў школьнага харчавання.
– Устаноўка праграмы ўліку прадуктаў харчавання – задача нумар адзін на найбліжэйшы месяц для ўсіх раёнаў, - падкрэсліў губернатар.
Даручэнне губернатара
Старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый – праверыць, каб доступ на дахі будынкаў, асабліва шматпавярховых, быў зачынены.