Улада
На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі шэраг важных тэм
16.01.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко даручыў мінімізаваць выпадкі падтаплення падворкаў у населеных пунктах грунтавымі і талымі водамі.
Перш за ўсё бяспека людзей
Як падкрэсліў кіраўнік вобласці, бяспека адпачынку на вадзе з пачаткам купальнага сезона (з 1 мая) павінна быць забяспечана ў рэгіёне паўсюдна. На працягу апошняга года вялося абследаванне такіх месцаў, высвятляліся аб'ёмы выдаткаў на ўладкаванне пляжаў і стварэнне выратавальных пастоў. Раёны ўнеслі восем заявак на адкрыццё дадатковых месцаў адпачынку. Дзве ў выніку былі адхілены.
Шэсць пляжаў з пастамі выратавальнікаў павінны быць адкрыты і пачаць работу з надыходам сезона: у Жлобінскім раёне паблізу населенага пункта Аляксандраўка, у Кармянскім – у аграгарадку Літвінавічы, а таксама ў Жыткавіцкім, Нараўлянскім, Петрыкаўскім, Чачэрскім раёнах. Пытанні фінансавання па гэтых аб'ектах практычна вырашаны: за кошт абласнога бюджэту будзе фарміравацца фонд заробкаў супрацоўнікаў пастоў, іх абсталяванне, за кошт сродкаў райвыканкамаў прыведзена ў парадак і добраўпарадкавана прыбярэжная зона, створана пляжная інфраструктура.
Усе каналы на баланс
На сістэмнай і пастаяннай аснове ў вобласці вядзецца работа са спісанай сельгастэхнікай у гаспадарках. Яе разбіраюць на вузлы, нешта рамантуюць, аднаўляюць. З рухавікоў, хадавой часткі, карпусоў розных адзінак збіраюць у выніку паўнавартасныя машыны, гатовыя да работы. Займаюцца гэтым прадпрыемствы "Гомельаблаграсэрвіса". У асобных выпадках спісаныя адзінкі тэхнікі ідуць на пагашэнне даўгоў сельгасарганізацый.
На рахунку ў раёнах павінен быць кожны энерганасычаны трактар, кожны камбайн. Новая тэхніка каштуе немалых грошай, і адноўленыя адзінкі могуць адыграць важную ролю ў правядзенні пасяўной і ўборачнай кампаній. Спісваць тэхніку без апавяшчэння адказных структур, у тым ліку "Гомельаблаграсэрвіса" гаспадаркам нельга.
Абмяркоўваліся таксама пытанні водаадвядзення ў гарадах і сельскай мясцовасці. Пасля маштабнай інвентарызацыі каналы ўзяты на баланс арганізацыямі меліярацыі, таксама яны абслугоўваюцца камунальнымі службамі. Акрамя ўласна чысткі рэчышча, павінна праводзіцца абкошванне берагоў і схілаў, збавленне ад драўняна-хмызняковай расліннасці.
Губернатарам пастаўлена задача максімальна скараціць выпадкі пад-таплення ва ўсім вядомых праблемных месцах, прычым без прыцягнення бюджэтных сродкаў – за кошт камунальнікаў і меліяратараў. Таксама да канца бягучага года даручана завяршыць чыстку ўсіх каналаў. Акрамя таго, адзначыў старшыня аблвыканкама, за становішча каналаў, якія праходзяць па тэрыторыі прыватных домаўладанняў, адказваць павінны менавіта кампетэнтныя дзяржслужбы, а не грамадзяне, уласнікі ўчасткаў.