Улада
На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі пытанні жыллёвай сферы, выключэння зямель з катэгорыі радыяцыйна небяспечных, падрыхтоўкі да сяўбы
24.03.2025
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на тэме аказання дзяржаўнай падтрымкі пры жыллёвым будаўніцтве.
Больш даступна і больш празрыста
Прэзідэнтам Беларусі падпісаны шэраг указаў, якія рэгулююць парадак будаўніцтва і забеспячэння жыллём, яго размеркавання розным катэгорыям грамадзян, прадастаўлення крэдытаў, субсідый і льгот. Асаблівая ўвага надаецца шматкватэрным дамам, якія ўзводзяцца па дзяржзаказе. Пазачарговае права на дзяржпадтрымку маюць 11 катэгорый грамадзян. Як і раней, шматдзетным сем'ям гарантуецца фінансавая падтрымка дзяржавы пры вырашэнні жыллёвага пытання.
Іван Крупко даручыў адпрацаваць усе фінансавыя механізмы аказання дапамогі з банкаўскімі арганізацыямі. Так ці інакш пабудаваныя кватэры не павінны пуставаць. Ва ўстаноўленым парадку ў іх павінны засяляцца тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і органы дзяржаўнай улады на месцах, было падкрэслена, абавязаны зрабіць гэты працэс больш празрыстым, зразумелым і даступным.
Закранулі таксама набалелую тэму рэгістрацыі самавольных пабудоў у рэгіёне. Калі аб'екты ўзводзяцца фізічнымі асобамі на сваіх участках, то яны камісійна рэгіструюцца гар- і райвыканкамамі у спрошчаным парадку. Калі будуюць юрыдычныя асобы, пытанне вырашаецца ў аблвыканкаме.
Абмеркавалі прадастаўленне грамадзянам арэнднага жылля. Далёка не ўсе кватэры і дамы ў гарадах і сельскай мясцовасці запатрабаваныя і заселеныя. Дзесьці жыллё мае патрэбу ў рамонце, на што з бюджэту выдзяляюцца сродкі. Ёсць памяшканні, аднаўляць якія не мэтазгодна. Такія аб'екты будуць выстаўляцца на продаж. Некаторыя падлягаюць зносу.
Адцягваць знос аварыйных пабудоў нельга, сказаў губернатар, у першую чаргу ў тых раёнах, дзе падобнага жылля на балансе дзяржавы вельмі шмат. Важна паскорыць усе працэсы і навесці парадак на зямлі, гэта асабліва актуальна ў Год добраўпарадкавання. Калі колькасць непатрэбных пабудоў у раёне адчувальна скароціцца, можна казаць аб будаўніцтве новага арэнднага жылля.
Зямля павінна працаваць
Парадак выключэння зямель з катэгорыі радыяцыйна небяспечных носіць заяўны характар. Заяўкі на пэўныя ўчасткі палёў паступаюць ад сельгаспрадпрыемстваў. На сёння каля 1100 гектараў спецыялісты ўжо абследуюць, па іх будзе прынята рашэнне. Важна пазбегнуць цяганіны ў гэтых пытаннях, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, і пры абследаванні ўчасткаў, і пры ўзгадненні заявак ад землекарыстальнікаў. Калі з цягам часу зямля ачысцілася ад радыяктыўных элементаў, яна павінна прыносіць карысць, а не прастойваць. Але і ўключаць у севазварот ўчасткі нават з мінімальнымі рызыкамі траплення радыенуклідаў у прадукты харчавання таксама ніхто не дазволіць.
Разгледзелі пытанні падрыхтоўкі сельгастэхнікі да пасяўной, канкрэтна – атрыманне допуску да дарожнага руху. У цэлым дакументацыя гатовая для 89% тэхнікі. Калі доля энерганасычаных трактароў, якія прайшлі тэхагляд ужо 90%, то па пагрузчыках і прычэпах лічбы прыкметна сціплей. Неабходна максімальна актывізаваць працу ў гэтым кірунку, сяўба, можна сказаць, ужо на носе.