Улада
На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі пытанні навядзення парадку ў сельгасарганізацыях
09.12.2025
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко таксама даручыў актывізаваць капітальныя рамонты шматкватэрных дамоў, паскорыць абнаўленне вулічна-дарожнай сеткі ў шэрагу раёнаў.
Тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку ў сферы АПК разгледзелі на прыкладзе чатырох раёнаў: Гомельскага, Буда-Кашалёўскага, Рагачоўскага, Добрушскага. Асноўныя нараканні ў правяраючых службаў агульныя, гэта санітарныя парушэнні (звычайна несвоечасовая ўборка гною), адсутнасць агароджаў, зламаныя вароты на фермах і ў мехпарках, нізкія тэмпы абкошвання тэрыторый, пабелкі жывёлагадоўчых памяшканняў.
За тыдзень, дарэчы, ва ўсім рэгіёне на палі было вывезена звыш 30 тысяч тон арганікі, для чаго задзейнічалі больш за 370 адзінак тэхнікі.
Работы па добраўпарадкаванні і абнаўленні гаспадарак яшчэ вельмі шмат ва ўсіх раёнах вобласці.
Наводзіць парадак на месцах, было сказана, неабходна і ў пытаннях эканоміі энергарэсурсаў, рацыянальным іх выкарыстанні.
Тэмпы ні ў якім разе зніжаць нельга, падкрэсліў Іван Крупко. Работы па ўборцы смецця, рамонт і рэканструкцыя будынкаў, забеспячэнне тэхналагічнага парадку на фермах – з гэтымі і многімі іншымі работамі нельга чакаць да цяпла, усё можна выканаць і зімой, пры мінусовых тэмпературах. Пакуль работа па добраўпарадкаванні працягваецца ва ўсіх гаспадарках. Падвядзенне вынікаў – у канцы кожнага месяца.