Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Улада
Улада

На апаратнай нарадзе абмеркавалі навядзенне парадку на зямлі, пытанні бяспекі ў месцах масавага знаходжання грамадзян

15.04.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на пытаннях забеспячэння бяспекі на аб'ектах з масавым знаходжаннем грамадзян. Падрабязна разабралі тэму добраўпарадкавання ў гарадах і сельскай мясцовасці.

Папярэдзіць выклікі і пагрозы
Пасля нашумелага тэракту ў Падмаскоўі на Гомельшчыне і па ўсёй краіне прыняты дадатковыя комплексныя меры па забеспячэнні бяспекі людзей у масавых месцах, у тым ліку ў ходзе правядзення святочных, культурна-відовішчных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў. Арганізацыя і правядзенне іх магчымы толькі пасля ўзгаднення ўсіх момантаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, пажарнай бяспекай, абсталяваннем сістэмамі відэакантролю, турнікетамі, трывожнымі кнопкамі і гэтак далей. Па многіх пытаннях вобласць адстае, як было заўважана, з прычыны чаго даручана актывізаваць работу і ў самыя кароткія тэрміны прывесці аб'екты, у першую чаргу ўстановы адукацыі, у адпаведнасць з усімі патрабаваннямі і нормамі. 

Асаблівае значэнне мае дачыненне да службовага абавязку работнікаў аховы, вахцёраў, вартаўнікоў, іншых службовых асоб на ўсіх аб'ектах, няхай гэта будзе школа або супермаркет. Неабходна па магчымасці мінімізіраваць праславуты чалавечы фактар, праявы абыякавасці, факты статычнага знаходжання на працоўным месцы. Для чаго трэба будзе ўзмацніць агульны кантроль выканання такімі супрацоўнікамі службовых абавязкаў, не забываць аб правядзенні інструктажоў. А ў выпадку непрыняцця мер па забеспячэнні бяспекі, да прыкладу, у буйных гандлёвых цэнтрах, будзе цалкам апраўдана закрыццё аб'екта да выканання ўсіх патрабаванняў.

Неабыякавымі, пільнымі павінны быць і звычайныя грамадзяне. Адзначаць для сябе падазроных асоб, бачыць пакінутыя без нагляду рэчы, прадметы і рэагаваць адпаведным чынам. Нельга забываць, што мы жывем у няпросты час, у суседняй краіне ідуць ваенныя дзеянні, геапалітычная абстаноўка застаецца вельмі напружанай.

Ямам бой і больш зялёных насаджэнняў
У вобласці працягваецца аднаўленне пацярпелых у выніку моцных вятроў сельскагаспадарчых пабудоў. Больш за ўсё пашкоджанняў зафіксавана ў Калінкавіцкім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім раёнах. Кіраўнік вобласці запатрабаваў фарсіраваць рамонтныя работы і ў самыя сціснутыя тэрміны ліквідзіраваць наступствы стыхіі.

Поўным ходам ідуць добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі ва ўсіх населеных пунктах Гомельшчыны, а таксама ў лясным фондзе, на тэрыторыях прамысловых аб'ектаў. Акцэнт паўсюдна робяць на азеляненні, зборы і вывазе смецця, у тым ліку на могілках, вадаёмах, парках і ў скверах, уздоўж аўтадарог, чыгуначных пуцей.
 
Хутчэй у вобласці пойдзе перапрацоўка будаўнічых адходаў, уключаючы жалезабетонныя. За гэта адказвае новая ўстаноўка, ужо загружаная заказамі. Працаваць гэтая машына павінна ў двухзменным рэжыме, ніяк інакш. Пазней, магчыма, закупяць яшчэ адну ўстаноўку. 

Што датычыцца могілак, то губернатар выказаўся асобна: да Радаўніцы часу не так шмат, важна паскорыць іх уборку як у буйных гарадах, так і ў аддаленых кутках рэгіёна.
На ўсю моц ідуць маштабныя ямачныя рамонты, дарожнікі спяшаюцца выканаць усе пастаўленыя задачы да майскіх святаў, прывесці ў адпаведнасць нарматывам асноўныя вулічна-дарожныя сеткі і рэспубліканскія трасы з усімі развязкамі.

Увагу таксама акцэнтавалі на 80-годдзі вызвалення Беларусі, падрыхтоўцы да святочных мерапрыемстваў, аднаўленні і рэканструкцыі мемарыяльных комплексаў. Асноўныя намаганні прыкладуць да абнаўлення комплексу ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна, на гэта накіруюць сродкі, сабраныя ў тым ліку на абласным і рэспубліканскім суботніках. Зразумела, падкрэсліў губернатар, трэба паклапаціцца і аб іншых памятных месцах, зрабіць усё магчымае да іх добраўпарадкавання, прывядзення ў парадак прылеглай тэрыторыі. Максімальным клопатам, увагай варта акружыць і ветэранаў вайны, прыраўнаваных да іх грамадзян. Так мала засталося іх, жывых сведак падзей Вялікай Айчыннай войны.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ