Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама разгледзелі ход палявых работ і праекты ў сферы будаўніцтва
10.05.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на сяўбе траў. Яго неабходна актывізаваць, умовы надвор'я для гэтага аптымальныя.
Сеем кукурузу, не забываем пра травы
У АПК вобласці ўзнікла патрэбнасць у тэрміновым будаўніцтве траншэй для сенажу і сіласу. Усяго трэба ўзвесці 104 аб'екты ў 60 гаспадарках розных раёнаў. Як падкрэслілі ў аблсельгасхарчы, пакрокавая стратэгія ўзвядзення траншэй і праектная дакументацыя распрацаваны. Праекты ў цэлым тыпавыя: сцены аб'ектаў выкладваюцца з пліт, дно бетануецца. Агучана пажаданне будаваць на месцах, дзе вышэй і сушэй, не дапушчаць мінулых памылак, калі ў траншэях запасіцца вільгаць і псуюцца кармы.
Падтрымку пры ўзвядзенні павінны аказаць прамыслоўцы. Канкрэтныя прадпрыемствы і гаспадаркі вызначаны. Гэта можа быць спонсарская дапамога пры закупцы будматэрыялаў або прадастаўленне гэтых матэрыялаў. На выкананне гэтай задачы губернатарам адведзена два месяцы.
Абмеркавалі палявыя працы. Высокая вада сыходзіць з кожным днём, аграрыі не павінны марудзіць. Паднаціснуць трэба з сяўбой кукурузы на зерне, пакуль план выкананы на 97 працэнтаў. Асабліва абавязаны паскорыцца ў Ельскім, Рэчыцкім, Гомельскім, Буда-Кашалёўскім і Кармянскім раёнах.
Спасылацца на пераўвільготненасць не варта, сказаў кіраўнік вобласці, прыдатныя для сяўбы плошчы ёсць у кожным раёне, хапае паліва, зерня, тэхнікі, угнаенняў.
Кукуруза на кармавыя мэты пасеяна на 34 працэнты да плана. Завершана сяўба лёну і цукровых буракоў. Дзе-нідзе ўжо прыступілі да сяўбы грэчкі і проса. У гэтым годзе травы падышлі значна раней, чым у мінулым сезоне. У 14 раёнах пачалі скошванне травы першага ўкосу.
Разгледзелі таксама асаблівасці сяўбы, пасадкі агароднінных культур і бульбы. Неабходна ўлічыць усе нюансы і ўкласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Пастаўлена дакладная задача: забяспечыць ураджайнасць другога хлеба і агародніны не ніжэйшай за сярэднерэспубліканскі ўзровень.
Ёсць вуліца, будзе і гаспадар
Па выніках інвентарызацыі ў 2023 годзе на Гомельшчыне выяўлена больш за 370 кіламетраў вуліц, не замацаваных для абслугоўвання ў пэўных арганізацый. У раёнах праведзена сур'ёзная работа, большая частка гэтых безгаспадарных участкаў вулічна-дарожнай сеткі размеркавана і пастаўлена на баланс, у асноўным падраздзяленням "Гомельаблдарбуда". Там будзе праводзіцца аднаўленне дарожнага палатна: грэйдзіраванне, падсыпка і іншыя мерапрыемствы.
У Брагінскім, Жыткавіцкім, Мазырскім, Нараўлянскім раёнах, напрыклад, гэтых участкаў ужо не засталося. Паднапружыцца і знайсці канчатковых "гаспадароў" для такіх вуліц, дарог і тратуараў трэба будзе ў Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Рэчыцкім, Акцябскім, Светлагорскім, Чачэрскім раёнах.
Закранулі пытанні ўдасканалення гарадской інфраструктуры ў Гомелі. У прыватнасці, прынята рашэнне паскорыць рамонт і рэканструкцыю пешаходнага моста, які злучае вуліцы Дворнікава а і Кірава, а таксама пешаходнага моста праз Сож у парку. Пакуль гэтыя працы на стадыі праектавання.