Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама разгледзелі пытанні ў сферы меліярацыі, маставой і дарожнай гаспадаркі
21.10.2024
Старшыня аблвыканкама Іван КРУПКО звярнуў асаблівую ўвагу на завяршэнне асноўных работ у аграсектары: уборку кукурузы на зерне і агародніны, звозку саломы, уздым зябліва, і галоўнае – падрыхтоўку да зімы жывёлагадоўчых аб'ектаў.
Праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі пешаходнага пуцеправода ў Гомелі, які злучае вуліцы Кірава і Дворнікава, гатова, работы пачаліся. Тэрмін будаўніцтва – восем месяцаў.
Гэта самы доўгі ў краіне пешаходны мост, яго даўжыня каля 600 метраў. Фінансавае забеспячэнне праекта цалкам адпрацавана, замінак быць не павінна. Пакуль мостабудаўнікі працуюць у адну змену, але без выхадных. У наступным графік могуць ушчыльніць і паскорыцца, выйсці на дзве змены.
У аграгарадку Краснае Гомельскага раёна поўным ходам ідуць работы па водапаніжэнні. Раней нямала ўчасткаў у населеным пункце затаплялася талымі вадамі і пасля ліўняў, на што неаднаразова скардзіліся мясцовыя жыхары. Зараз рамонтнікі і меліяратары выходзяць на фінішную прамую. Ёсць запэўненне, што праект будзе рэалізаваны ў лістападзе.
Блізкі да завяршэння і рамонт прыдамавой тэрыторыі дома ў 19-м мікрараёне Жлобіна. Губернатар запатрабаваў ліквідаваць усе недахопы ў асфальтаванні двара і праезнай часткі, павысіць якасць дарожных работ.
У аграгарадку Зашыр'е Ельскага раёна, дзе пражывае больш за 1000 чалавек, рэалізуецца праект па абнаўленні станцыі абезжалезвання, пабудаванай у 1976 годзе, і водаправодных труб. Мэта – павысіць якасць пітной вады. Дарэчы, часткова камунікацыі ўжо былі дапрацаваны, і колькасць скаргаў на высокае ўтрыманне жалеза ў вадзе знізілася. Аднак рашэнне давесці праект да лагічнага канца прынята, станцыя будзе рэканструявана. Дакументацыя практычна гатова, сёлета павінны пачацца работы. Завяршыць іх плануюць не пазней за другі квартал 2025 года.