Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама абмеркавалі пытанні аплаты працы маладых спецыялістаў і навядзення парадку на зямлі
08.04.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко запатрабаваў удзяліць асаблівую ўвагу стварэнню належных умоў і аплаты працы, забеспячэнню жыллём маладых спецыялістаў.
Без эканоміі не будзе эканомікі
На прыкладзе Брагінскага раёна разабралі пытанне аснашчэння новымі прыборамі ўліку электраэнергіі прадпрыемстваў і арганізацый, у першую чаргу ў аграсектары. Вопыт паказаў, што за кароткі час спажыванне энергіі знізілася ў сярэднім на 7%. У некаторых іншых раёнах паказчык яшчэ вышэйшы. Праца гэта будзе прадоўжана, комплекс мер па далейшаму зніжэнню энергазатрат ва ўсім рэгіёне будзе толькі пашырацца.
Разгледзелі пытанні аплаты працы маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, ахове здароўя, адукацыі, культуры, іншых галінах. Напрыклад, у АПК Мазыршчыны яны зарабляюць больш, а самыя нізкія зарплаты ў гаспадарках Лоеўскага, Кастрычніцкага, Лельчыцкага раёнаў. Такую разбежку можна растлумачыць эфектыўнасцю канкрэтных сельгасарганізацый, але ў іншых сферах, напрыклад, ва ўстановах культуры, вялікай розніцы ў аплаце працы быць не павінна.
Важна забяспечыць моладзь не проста поўнай стаўкай, але і ўсімі належнымі льготамі і надбаўкамі, падкрэсліў губернатар. Гэта не залежыць ад галіны ці раёна. Калі не будзе годных умоў працы і зарплаты, пра якую замацоўвальнасць работнікаў можа наогул ісці гаворка?
Акрамя добрага і стабільнага заробку, вядома, маладым спецыялістам на месцах абавязаны ў належным парадку выдзяляць жыллё, прычым дастаткова камфортнае і добраўпарадкаванае. За недапрацоўкі ў гэтым напрамку службовых асоб будуць прыцягваць да строгай адказнасці, і такія факты ў вобласці ўжо мелі месца.
Парадак у полі, лесе, на дарогах
Абмеркавалі наступствы моцных вятроў, якія пранесліся па вобласці на мінулым тыдні. Зафіксаваны пашкоджанні 58 будынкаў АПК, 23 выпадкі падзення дрэў. Больш за 130 населеных пунктаў былі абясточаны. Губернатар звярнуў увагу, што акрамя сельскагаспадарчых аб'ектаў пацярпеў і лясны фонд – выяўлены заломы, павалы, у тым ліку ўздоўж ажыўленых трас. Дадзена заданне як мага аператыўней устараніць усе наступствы непагадзі, як мінімум да канца месяца.
Дарэчы, у красавіку на Гомельшчыне аб'яўлены месячнік па навядзенні парадку. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, азеляненні, рамонце дарог і іншыя праводзяцца паўсюдна, прычым не толькі ў рамках месячніка. Гадавы план пасадкі дрэў і кустоў ужо выкананы на 42 працэнты. Асаблівую ўвагу, як падкрэслілі, трэба ўдзяліць якасці пасадачнага матэрыялу. У шэрагу раёнаў даручана прывесці ў адпаведнасць абласному плану ўсе тэрміны і аб'ёмы работ.
На ўсіх без выключэння тэрыторыях, сказаў кіраўнік вобласці, павінна быць дакладнае разуменне, дзе і як наводзіць парадак на палях і ў населеных пунктах, што рабіць са старым жыллём, аб'ектамі, якія пустуюць, а таксама дарожнай гаспадаркай. На асаблівым кантролі менавіта дарогі, да 9 мая трэба прывесці ў парадак прынамсі асноўныя вулічна-дарожныя сеткі.