Улада
Кадравы дзень у аблвыканкаме: новыя кіраўнікі на "Гомельводаканале" і Мазырскім ДСК
05.02.2024
Кандыдатаў на пасады ў розных галінах узгадніў сёння старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Генеральным дырэктарам Мазырскага домабудаўнічага камбіната стала Людміла Машкова. З 2013 года яна працуе на прадпрыемстве начальнікам вытворча-эканамічнага аддзела, некалькі месяцаў выконвае абавязкі кіраўніка. Вопыт работы плюс вера ў людзей – тыя якасці новага гендырэктара, якія дапамогуць ДСК дынамічна развівацца, упэўнены ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама. Асабліва ўлічваючы той факт, што прадпрыемства экспартна арыентаванае: планы амбіцыйныя, ёсць куды расці і імкнуцца. Кандыдатуру падтрымаў і калектыў.
– Вы разумееце ўсю сістэму разлікаў і планавання. Аб'ёмамі будзеце загружаны цалкам, з вашага боку чакаем эфектыўнасці ў рабоце, – дае наказ кіраўнік рэгіёна.
Галоўным урачом Мазырскай цэнтральнай гарадской паліклінікі на-значана Юлія Мягкова, Гомельскай гарадской клінічнай паліклінікі №7 – Ірына Забіран. Характарыстыкі ад упраўлення аховы здароўя станоўчыя: новыя кіраўнікі маюць вялікі вопыт работы, гэта кваліфікаваныя кадры, якія могуць адказна кіраваць калектывам.
З 2024 года «Гомельводаканал» з гарадскога стаў абласным прадпрыемствам з пяццю філіяламі. Рэарганізацыю правялі для ўдасканалення структуры кіравання водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай рэгіёна. Сёння Аляксандр Бондараў узгоднены на пасаду дырэктара прадпрыемства. Былы кіраўнік Аляксандр Шчэдаў стане першым намеснікам дырэктара і працягне кіраваць водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай абласнога цэнтра.
Прызначаны таксама супрацоўнікі аблвыканкама: Людміла Плашкова – начальнікам аддзела дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Ірына Гарунова – вядучым эканамістам галоўнага ўпраўлення культуры.