Улада
Гатовы да ранняй сяўбы? На апаратнай нарадзе разгледзелі пытанні падрыхтоўкі АПК да вясновых палявых работ
04.03.2025
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко даручыў забяспечыць дастойныя ўмовы працы для брыгад, якія рамантуюць сельгастэхніку.
Не збаўляем тэмпы
Увагу акцэнтавалі на стварэнні ўмоў для рамонтнікаў, якія рыхтуюць тэхніку. Важна забяспечыць у боксах нармальны тэмпературны рэжым. Не павінна быць перагібаў на месцах, калі па шэрагу прычын ад электраэнергіі адключаюць мехдвары ў гаспадарках. Аднак пры выкарыстанні электраабсталявання для абагравання памяшканняў, як было падкрэслена, неабходна памятаць пра эканомію, энергазберагальныя мерапрыемствы.
Губернатар адзначыў, што аператыўнасць пры праходжанні планавых тэхаглядаў сельгастэхнікай павысілася. Што тычыцца трактароў, то гатоўнасць па ТА ў сярэднім у рэгіёне ўжо перавышае 70%. Але гэту работу трэба працягваць, не збаўляючы тэмпаў. Пасяўная кампанія, можна сказаць, ужо на носе.
Больш праў і паўнамоцтваў на месцах
Дэталёва разабралі тэму ўзмацнення ролі старшынь выканаўчых камітэтаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню. Кіраўнікі гар- і райвыканкамаў з улікам змяненняў у дзеючым заканадаўстве атрымаюць больш правоў і паўнамоцтваў пры рэалізацыі кадравай палітыкі, вырашэнні пытанняў у сферы землеўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі, абыходжання з карыснымі выкапнямі. А таксама пры распараджэнні бюджэтнымі сродкамі на даручаных тэрыторыях. Напрыклад, пры накіраванні рэшты на пэўныя мэты або задзейнічанні рэзервовых фондаў.
Але трэба ўлічваць, што аналагічна ўзрастае і адказнасць старшынь. Неабходнасць выразна, па пунктах распісаць, куды, колькі і на якія канкрэтныя мэты пойдуць фінансы, абгрунтаваць мэтазгоднасць праекта – усё гэта захаваецца ў поўнай меры.
Даручэнне губернатара:
Старшыням райвыканкамаў, адказным службам – максімальна паскорыць праходжанне сельгастэхнікай тэхаглядаў.