Улада
Гатоўнасць Гомельшчыны да зімы абмеркавалі на пасяджэнні аблвыканкама
19.09.2024
Пытанне гатоўнасці арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, да работы ў асенне-зімовы перыяд абмеркавалі сёння на пасяджэнні аблвыканкама пад старшынствам губернатара Івана Крупко. Удзел у пасяджэнні прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Неаслабны кантроль
Да зімы падрыхтаваліся ўсе камунальныя службы рэгіёна: арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі выкананы запланаваныя рамонтна-прафілактычныя работы на аб'ектах цеплавой, водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і ў жыллёвым фондзе.
Па стане на 1 верасня выканана перакладка 51,5 кіламетра цеплавых сетак. Запасы топачнага мазуту складаюць 0,704 тысячы тон, запасы драўнянага паліва – 353,5 тысячы шчыльных кубічных метраў. Запасу дроў і торфабрыкетаў дастаткова для забеспячэння патрэб насельніцтва.
Набыта новая снегаўборачная тэхніка і прычапное абсталяванне. Цяпер службы чакаюць работы па камплектацыі аварыйных брыгад і арганізацыі своечасовага ўключэння ацяплення ў нарматыўныя тэрміны.
– Неаслабны кантроль гэтай тэмы дазволіў дасягнуць прыкметных вынікаў у працы. Так, за месяц да ўстаноўленых тэрмінаў атрымана 100 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплаэнергіі, – рэзюмуе старшыня аблвыканкама.
Іван Крупко таксама падкрэсліў, што на Гомельшчыне своечасова выкананы рамонт навесаў для захоўвання драўнянага паліва, праведзена замена прыбораў уліку, на завяршальнай стадыі рэканструкцыя камунальных цеплакрыніц.
Ападкам – бой
Расчышчаць дарогі рэгіёна зімой будзе больш за 220 адзінак тэхнікі, зараз рыхтуецца пясчана-саляная сумесь, заканчваецца рамонт і разметка палатна, тратуараў. Нарыхтаваны таксама ўказальныя вехі, снегастрымліваючыя агароджы на час моцных ападкаў. Увесь комплекс работ плануюць зрабіць да сярэдзіны кастрычніка.
Губернатар Іван Крупко даручыў павысіць аб'ёмы нарыхтоўкі пясчана-саляной сумесі да ўзроўню мінулага года і заключыць дагаворы з трактарыстамі сельгаспрадпрыемстваў, гатовымі падчас моцных снегападаў выйсці на расчыстку дарог.
Цяпло і ўтульнасць кожнай карове
Утрыманне жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд – яшчэ адно з пытанняў пасяджэння выканкама.
Ураган, які прайшоў у ліпені, замарудзіў работы па падрыхтоўцы сельгасаб'ектаў да зімы, аднак гэта не падстава зніжаць тэмпы, падкрэсліў губернатар.
Распрацаваны акт прыёмкі аб'ектаў, складзены штотыднёвыя графікі. Тэрмін завяршэння работ – да 1 лістапада.
Гаспадаркам засталося ў асноўным правесці дэзінфекцыю і добраўпарадкаванне, кожныя дзесяць дзён у раёны з праверкай гатоўнасці да зімы будзе выязджаць камісія аблвыканкама.
Прафілактыка – інструмент нумар адзін
На пасяджэнні аблвыканкама абмеркавалі таксама пытанне эфектыўнасці мер па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, злачынствам супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх.
З развіццём інфармацыйных тэхналогій пэўны працэнт злачынцаў стаў актыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і месэнджэры ў якасці інструмента для ўчынення злачынстваў.
– На жаль, гэтыя пытанні застаюцца актуальнымі не толькі ў свеце, але і ў нашай краіне. Злачынствы такога кшталту складана выяўляць, паколькі яны носяць латэнтны характар. Толькі канструктыўнае ўзаемадзеянне ўсіх суб'ектаў прафілактыкі можа даць станоўчы вынік. Гэта задачы, якія ў роўнай меры датычацца ўсіх дарослых, – абараніць дзяцей, аказаць падтрымку ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, – канстатаваў Іван Крупко.
Акрамя таго, ва ўсіх раёнах вобласці функцыянуюць "крызісныя" пакоі, з пацярпелымі працуюць псіхолагі.
Недапушчэнне фактаў учынення гвалтоўных злачынстваў у адносінах да непаўналетніх у многім залежыць ад разумення значнасці праблемы мясцовай выканаўчай уладай, своечасовым і строгім выкананнем палажэнняў нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы, падагульнілілі ўдзельнікі пасяджэння.