Улада
Аляксандр Лукашэнка наведаў выстаўку айчыннага кацельнага абсталявання, якое працуе на пялетах
24.05.2025
Экспазіцыю "зялёных" катлоў прадставілі ў Нацыянальным парку "Прыпяцкі".
У Беларусі выпускаюць даўно катлы на шчэпках, а пялетныя спачатку выраблялі ў невялікіх аб'ёмах толькі прыватнікі. Сёння гэты кірунак у прамсектары гатовы як след разгарнуцца.
Галоўнае, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у нас багата сыравіны для вытворчасці пялет, яе не трэба завозіць. Пры гэтым прырода не пакутуе. Бо гранулы выпускаюць з драўняных адходаў.
У Нацпарку "Прыпяцкі" наведалі кацельню, якая цалкам працуе на пялетах. Грануламі ацяпляецца нямалая частка будынкаў і памяшканняў установы.
Усе гэтыя зялёныя тэхналогіі не проста даніна часу – гэта рацыянальны, гаспадарскі падыход і прадбачлівая стратэгія. Выкарыстоўваючы мясцовую сыравіну, свае катлы, мы павышаем нашу энергетычную і экалагічную бяспеку, а таксама эканомім фінансавыя рэсурсы.
Прадстаўленае на выстаўке кацельнае абсталяванне – наш уклад у будучыню, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Выпускаюць катлы гамяльчане – прыватнае прадпрыемства "Камконт" і ААТ "Камунальнік".
Перад вытворцамі пастаўлены задачы мінімізаваць выкарыстанне імпартных камплектуючых, забяспечыць спажыўцам даступныя цэны, высокую якасць і энергаэфектыўнасць катлоў.