Эканомiка
Зварым боршч і закусім яблычкам. На Гомельшчыне стартавала закладка гародніны ў стабфонд
09.10.2023
Пытанне закладкі ў стабфонды і захоўвання плодаагародніннай прадукцыі абмеркавалі ў Тураве Жыткавіцкага раёна на рабочай нарадзе пад старшынствам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава.
Рашэннем аблвыканкама ў рэгіёне вызначаны 15 захавальнікаў у міжсезонны перыяд яблыкаў і так званага набору для баршчу – бульбы, морквы, капусты, цыбулі, буракоў. З 1 снежня іх будуць захоўваць як сельгасарганізацыі, гэтак і фермеры. Закладваюць прадукцыю ўжо зараз. Усяго ў Гомельскай вобласці 20 сховішчаў і больш за 50 спецыяльных камер з падтрыманнем патрэбнага мікраклімату. Заключыць дамовы трымальнікі стабфондаў павінны да 15 лістапада.
Запланавана закласці 16,8 тысячы тон бульбы, 2,7 тысячы тон капусты, 1,6 тысячы тон морквы, 0,9 тысячы тон буракоў, 2 тысячы тон цыбулі і 3,4 тысячы тон яблыкаў. Тэрміны захоўвання розныя: да 1 мая са стабфондаў будуць распрададзены лук, яблыкі і капуста, да 1 чэрвеня – буракі, бульба і морква.
– У гэтым годзе мы атэставалі і акрэдытавалі практычна ўсе нашы базы захоўвання. Неабходна заключыць дагаворы з арганізацыямі гандлю, грамадскага харчавання, вызначыць умовы пастаўкі і выбаркі прадукцыі, кантраляваць выкананне графікаў работы, насычэнне спажывецкага рынку вобласці, – падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі.
Ужо зараз зразумела, што бульбы ў краіне вырасцілі з лішкам, яе хопіць і на продаж падчас правядзення кірмашоў, і на закладку ў сховішчы, і нават на экспарт – прагнозы аграрыяў па краіне прыкладна мільён дзвесце тон. А вось цыбулі і яблыкаў можа быць недастаткова, але пытанне не крытычнае, ёсць магчымасць перакідвання прадукцыі па абласцях.
– Мэта нашай сустрэчы – улічыць недахопы, якія былі ў мінулым міжсезонні, каб цяпер не дапусціць тых жа памылак, – нацэліў удзельнікаў Аляксей Багданаў. – Дарэчы, у 2022 годзе добра адпрацавалі. Змаглі забяспечыць рынак беларускай плодаагародніннай прадукцыяй у міжсезонны перыяд у поўным аб'ёме.
Міністр паставіў дакладную задачу перад захавальнікамі і гандлёвымі сеткамі: гарантавана і стабільна адпрацаваць зацверджаны сёлета аб'ём, каб забяспечыць рынак айчыннай прадукцыяй.
Узнімаць цэны ў нашай краіне на сацыяльна важныя тавары можна па-ранейшаму толькі з дазволу аблвыканкама, гэта пытанне кантралюецца на ўзроўні рэспублікі. Аднак такой неабходнасці на дадзены момант няма – гародніна зараз даражэць не будзе, па некаторых пазіцыях цана нават ніжэй.
– Ураджай нашых традыцыйных культур, паводле інфармацыі вытворцаў, дастаткова нядрэнны. Гэта забяспечыць унутраны рынак, частка аб'ёмаў застанецца на экспарт, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Аляксандр Качан. – Праведзена вялікая і сур'ёзная праца па падрыхтоўцы сховішчаў, асабліва па санітарных умовах захоўвання. Усё гэта дазваляе быць упэўненымі ў тым, што мы да канца міжсезоння зможам захаваць на належным узроўні якасць прадукцыі.
Кантраляваць цэнаўтварэнне будзе і МАРГ, прагноз на канец бягучага года і пачатак наступнага зроблены, ён адпавядае мэтам, закладзеным у план сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2024 год. Інфляцыя не павінна перавысіць 6%. У выпадку невытлумачальнага ўсплёску кошту агародніны, ёсць два спосабы рэгулявання: захаванне аб'ёму канкурэнцыі і ліцэнзаванне на вываз, а таксама жорсткае ўстанаўленне максімальна гранічнай цаны.
Абмеркавалі на нарадзе і праблемныя пытанні. Напрыклад, куды можна рэалізаваць лішкі прадукцыі. Рашэнне прапануе міністр: у краіне не хапае кансервацыі, таму варта задумацца пра праекты ў гэтым напрамку. У якасці прыкладу Аляксей Багданаў прывёў замарожаную бульбу фры з Талачына: яе набываюць у тым ліку буйныя аб'екты грамадскага харчавання. Яшчэ адна прапанова для вытворцаў – фасаваць гародніну ў невялікія сеткі: жыхары гарадоў зараз часцей за ўсё набываюць іх максімум да пяці кілаграмаў.
Трэба не дапусціць прастою аўтамабіляў, якія пастаўляюць гародніну, выконваць тэрміны пастаўкі і тэхналагічныя працэсы – своечасова і акуратна збіраць ураджай, закладваць яго ў сухія памяшканні, кантраляваць тэмпературу і ўзровень вільготнасці.
У сваю чаргу прадстаўнікі сялянскіх гаспадарак выказалі свае просьбы і ідэі. У прыватнасці, узнімалі пытанне выдзялення зямель, транспарціроўкі агародніны на вялікія адлегласці, гарантыі выбаркі.
Як правільна і якасна захоўваць плодаагароднінную прадукцыю, расказаў жыткавіцкі фермер Міхаіл Шруб. У рамках практычнай часткі семінара прадстаўнікі МАРГ наведалі яго гаспадарку. Тут вырошчваюць тысячы тон агародніны і яблыкаў, яе прадаюць на ўнутраным і знешніх рынках, раздаюць у рамках дабрачынных акцый.
– Па сваёй капіталаёмкасці вытворчасць і захоўванне агародніны – адзін з самых затратных бізнесаў: дарагое абсталяванне, расход электраэнергіі, фасоўка, ачыстка, мыйка і дастаўка спажыўцам. Акрамя таго, на кошт прадукцыі ўплываюць натуральныя працэсы і страты, – назваў прычыны падаражэння гародніны Міхаіл Шруб.