Эканомiка
Жывёлагадоўчыя аб'екты сельскагаспадарчага філіяла ААТ "Мазырсоль" у Ельскім раёне наведаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
11.09.2025
У цэнтры ўвагі – малочна-таварныя комплексы «Новае высокае», «Кочышча», «Жукі». Гаспадарка была перададзена прадпрыемству ў 2023 годзе, пасля чаго тут пачалася мадэрнізацыя.
Усяго на аб'ектах утрымліваецца больш за 3600 галоў буйной рагатай жывёлы. На дадзены момант частка ферм ужо мадэрнізаваная, на асобных участках працягваюцца рамонтныя работы: абнаўляюцца існуючыя і будуюцца новыя кароўнікі, узводзяцца сянажныя траншэі, абсталююцца выгульныя пляцоўкі новага тыпу. Работы праводзяцца як за ўласныя сродкі, так і за кошт праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся.
У прыватнасці, на МТК «Жукі» добраўпарадкавалі цялятнікі, уласнымі сіламі адрамантавалі стойлавае абсталяванне, замянілі даільную ўстаноўку. Зараз на завяршальнай стадыі два новыя хлява для цялятаў, сіласна-сянажныя траншэі аб'ёмам па пяць тысяч тон сіласнай масы, пляцоўка для адкорму буйной рагатай жывёлы на 700 жывёла-месцаў, дзе прадугледжаны адзінарныя боксы і дзве агульныя паілкі. Як распавёў начальнік аддзела будаўніцтва ААТ «Мазырсоль» Ягор Стэльмах, ёсць і перспектывы на наступны год: цяпер у стадыі праектавання яшчэ два адрыны для жывёл, іх будаўніцтва пачнуць у наступным годзе.
За кошт будаўніцтва збудаванняў і будынкаў, паляпшэння рацыёну гаспадарка павялічыла сярэднясутачныя прывагі, надой на карову і пагалоўе. Брыгадзір МТК «Жукі» Алена Атаманчук называе пацвярджальныя лічбы: калі летась сутачныя надоі на карову былі 18,6 літра, то сёння гэта ўжо 23,4 літра. У цэлым сярэдні надой на жывёлагадоўчых аб'ектах сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Мазырсоль» павялічыўся і складае 109% да ўзроўню мінулага года, а сярэднясутачныя прывагі – 904 грама.
Што тычыцца Ельскага раёна, фактычны тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі тут за студзень – жнівень 2025 года склаў 120,8%. За гэты перыяд выраблена прадукцыі жывёлагадоўлі 112,1% да ўзроўню мінулага года. Расце вытворчасць і раслінаводчай прадукцыі.