Эканомiка
За дзевяць месяцаў сярэдні заробак у Гомелі склаў 1754 рубля
08.11.2023
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця абласнога цэнтра за студзень – верасень гэтага года падвялі на чарговым пасяджэнні Гомельскага гарвыканкама.
Справаздачны перыяд для эканомікі горада дастаткова паспяховы па большасці паказчыкаў: з 11 прагнозаў выканана 8. Некаторыя мэтавыя параметры апынуліся значна вышэй, чым планавалася. Напрыклад, сярэднямесячная зарплата ў Гомелі склала 1754,7 рубля (рост 118,7%). Сталі больш атрымліваць у прамысловасці, будаўніцтве, ахове здароўя, транспартнай дзейнасці, адукацыі і гандлі – ад 113 да 126%.
Нядрэнныя паказчыкі па сукупных даходах у кансалідаваны бюджэт і зніжэнні выдаткаў падначаленых арганізацый. Дасягнуты ўстаноўленыя значэнні па індэксе прамысловай вытворчасці, экспарту паслуг, стварэнню малых прадпрыемстваў, рознічнаму тавараабароту, аб'ёму падрадных работ.
На жаль, неабходнага ўзроўню не дасягнулі паказчыкі інвестыцый у асноўны капітал. У эканоміку горада паступіла 633 мільёны рублёў, што склала толькі 94% да ўзроўню мінулага года, хаця лічбы павінны былі быць у межах 114%. Іншымі словамі, горад недаатрымаў 141 мільён.
За справаздачны перыяд менш уведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў – запланавана 138,6 тысячы квадратных метраў, а атрымалася 81,8 тысячы. Да канца 2023-га пастаўлена задача: завяршыць будаўніцтва некалькіх шматкватэрных дамоў у мікрараёнах № 59, 94, 96, па вуліцах Фядзюнінскага і Барыкіна.
– У цэлым вынікі можна прызнаць здавальняючымі. Усе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны ўдзяляць увагу не толькі колькасным паказчыкам, але і якасным. Калі кожны з нас на сваім працоўным месцы прыкладзе ўсе намаганні, па выніках года мы зможам дасягнуць пастаўленых задач, – падкрэсліў мэр Гомеля Уладзімір Прывалаў.
Таксама на пасяджэнні разгледзелі вынікі выканання гарадскога бюджэту. Паказчыкі тут нядрэнныя – паступіла 611,4 мільёна рублёў, што на 13,4% вышэй, чым у мінулым годзе. Асноўную частку бюджэту занялі ўласныя падатковыя і непадатковыя паступленні, астатняе прыйшлося на долю бязвыплатных – 426,5 мільёна і 184,9 мільёна рублёў адпаведна