Эканомiка
З рабочым візітам у Гомель прыбыла дэлегацыя з кітайскай правінцыі Сычуань
20.12.2023
Падчас двухдзённага візіту госці з КНР плануюць азнаёміцца з вядучымі гомельскімі прадпрыемствамі, у прыярытэце харчовая прамысловасць і дрэваапрацоўка.
Дзелавыя партнёры з Сычуаньскай асацыяцыі садзейнічання эканамічнаму і гандлёваму супрацоўніцтву "Адзін пояс – адзін шлях" прыбылі з візітам у адказ пасля Шанхайскай выставы імпарту, якая прайшла ў лістападзе. Першая сустрэча на Гомельскай зямлі адбылася ў бізнес-цэнтры адміністрацыі СЭЗ "Гомель-Ратон", дзе патэнцыяльныя партнёры адразу абазначылі прыярытэты ў развіцці знешнеэканамічных сувязей: беларускія прадукты харчавання і вырабы дрэваапрацоўкі, у тым ліку мэбля. Цікавіць бізнесменаў з Сычуані і тэма стварэння на нашай тэрыторыі сумесных вытворчасцей.
Гутарку з гасцямі ў бізнес-цэнтры правялі старшыня камітэта эканомікі абл-выканкама Ігар Аслюк і намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ "Гомель-Ратон" Дзмітрый Чачко. Кітайскую дэлегацыю прадстаўлялі намеснікі генеральнага сакратара асацыяцыі "Адзін пояс – адзін шлях" спадар Лі Жуйхао і спадарыня Лю Чуаньюй.
Бакі адразу падкрэслілі магутны патэнцыял партнёрскіх адносін паміж Гомельшчынай і рэгіёнамі Кітая, а не толькі правінцыяй Сычуань (насельніцтва яе больш за 80 мільёнаў чалавек). Безумоўна, сувязі прадоўжаць умацоўвацца, рост тавараабароту і паставак практычна гарантаваны, што абумоўлена не толькі моцным сяброўствам беларускага і кітайскага народаў, але і бягучым станам спраў на сусветным рынку, увядзеннем санкцый краінамі калектыўнага Захаду. Як ужо адзначалася, гэтыя абмежаванні толькі ствараюць дадатковыя ўмовы для эканамічнага рыўка па шэрагу напрамкаў.
Мясная прадукцыя – адзін з асноўных інтарэсаў кітайскага боку. Беларусы могуць прапанаваць вырабы высокай якасці па прывабных цэнах, неабходна толькі наладзіць лагістыку. Высокім попытам у КНР карыстаюцца ялавічына, мяса птушкі, а таксама некаторыя малочныя прадукты з Сінявокай.
Свае прапановы па магчымых пастаўках у Паднябесную мэблі і вырабаў з драўніны агучыў прадстаўнік гомельскага прадпрыемства "Дэлкам 40". Раней яно цесна працавала з IKEA, зараз актыўна пастаўляе мэблю ў краіны ЕАЭС.
У ходзе перагавораў таксама была агучана магчымасць стварэння на базе СЭЗ "Гомель-Ратон" сумеснага прадпрыемства па вытворчасці запчастак для скутараў, мотатэхнікі. Кітайцаў відавочна зацікавілі прывілеі для бізнесу – спецыяльны рэжым прэферэнцый, падатковых і іншых, для рэзідэнтаў.