Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

У вёсцы Гасцівель Рэчыцкага раёна новы малочнатаварны комплекс

03.05.2024
На ўрачыстым адкрыцці сучаснага МТК у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве "50 год Кастрычніка" прысутнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва вобласці і Рэчыцкага раёна, працоўныя калектывы і мясцовыя жыхары.

– Мы ўводзім у эксплуатацыю новую вытворчасць на тэрыторыі легендарнай гаспадаркі. Не здзіўлены, бо старшыня СВК "50 год Кастрычніка" Рыгор Шпакоў – чалавек слова. Жадаю, каб комплекс стаў лідзіруючым сярод усіх прамысловых аб'ектаў Гомельшчыны, – адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц. – Мы бачым, які ажыятаж у свеце выклікае наша сельскагаспадарчая прадукцыя, аднак у першую чаргу трэба забяспечваць усім неабходным унутраны рынак. На продаж ідуць ужо лішкі. Нашы аграрыі ў сваю чаргу дастойна выконваюць задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам.

Старшыня Рэчыцкага райвыканкама Сяргей Даўгалёў расказаў, што на будаўніцтва комплексу было выдаткавана больш за 15 мільёнаў рублёў, гэта адна з найбуйнейшых будоўляў у аграпрамысловым комплексе раёна. Інвестпраект рэалізаваны менш за год, аб'ект разлічаны больш як на 1100 галоў БРЖ. На сённяшні дзень СВК "50 год Кастрычніка" атрымлівае каля 75% выручкі ад рэалізацыі малака.

На малочнатаварным комплексе "Гасцівель" сучасныя памяшканні для беспрывязнага ўтрымання жывёл, у тым ліку запускных кароў. Пабудаваны радзільнае аддзяленне, даільна-малочны блок на 36 прыпыначных месц. Укамплектаваны сучасным абсталяваннем і бытавыя памяшканні для работнікаў.

– Дзякую ўсім, хто мае дачыненне да будаўніцтва новай фермы, – звярнуўся Рыгор Шпакоў. – Перад нашай гаспадаркай заўсёды стаіць адна задача: у любой абстаноўцы, пры любых умовах надвор'я жыць і працаваць, каб заставацца жыццяздольнымі, станавіцца мацней. Мы вырабляем прадукцыю, умела прадаем і па-гаспадарску размяркоўваем выручку – у гэтым залог стабільнасці.

Рыгор Купрыяновіч дадаў, што да ўводу новага аб'екта гаспадарка прадавала каля 38 тон малака за дзень. Цяпер гэтая лічба ўзрасце да 50 тон, што дазволіць развіваць вытворчую базу, купляць новую тэхніку і паляпшаць умовы працы работнікаў СВК "50 год Кастрычніка".

Затым першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі, Рыгор Шпакаў, Леанід Заяц і Сяргей Даўгалёў перарэзалі чырвоную стужку, а благачынны цэркваў Рэчыцкай акругі протаіерэй Аляксей Пяшко асвяціў гасцей урачыстага мерапрыемства і вытворчыя цэхі новага комплексу.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ