Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Рэспубліканскі семінар па пытаннях падрыхтоўкі сельгастэхнікі да зімы і яе рамонта адбыўся ў Гомельскай вобласці

10.11.2023
Семінар правялі намеснікі прэм'ер-міністра Леанід Заяц і Пётр Пархомчык, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў. Вывучыць вопыт нашага рэгіёна прыехалі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і прадстаўнікі аблвыканкамаў з усёй краіны.

Удзельнікі наведалі тры працоўныя пляцоўкі: на базе «Гомельагракамплекта» даведаліся пра выраб новых даільных установак і халадзільнага абсталявання, работнікі «Гомельаблаграсервіса» распавялі аб капітальным рамонце і аднаўленні сельгасмашын, а на мехдвары аграфірмы імя Лебедзева філіяла РУП «Гомельэнерга» ў Веткаўскім раёне паказалі, як спраўляюцца з падрыхтоўкай трактароў і камбайнаў да зімы.

Рамонтна-падрыхтоўчы перыяд прадпрыемствы рэгіёна пачалі 1 лістапада. Задача – да 15 сакавіка быць гатовымі да пасяўной, для гэтага ў рабочым стане павінна быць не менш як 90% сельгастэхнікі.

– Кожны этап на працягу года для аграрыяў напружаны. Каб дасягнуць паказчыкаў, неабходна скласці дакладныя планы па рамонце тэхнікі ў кожным раёне, у кожнай гаспадарцы і выконваць іх, – настройвае на плённую працу Іван Крупко.

Губернатар падкрэсліў, што за два апошнія гады машынны парк вобласці абнавіўся на 1830 адзінак. Дарэчы, штогод на Гомельшчыне абнаўляецца каля 5% сельскагаспадарчага парку. Таму стаўку робяць на аграсэрвісы. У рэгіёне аднымі з першых пачалі аднаўляць камбайны і трактары з запчастак спісаных сельгасагрэгатаў. За 2022–2023 гады «Гомельаблаграсэрвіс» удыхнуў жыццё і падрыхтаваў да рэалізацыі 32 адзінкі. І каштуюць яны ў два разы танней за новыя машыны. Многія ўжо прайшлі выпрабаванне полем.

Акрамя таго, спецыялізаваныя прадпрыемствы займаюцца капітальным рамонтам, для чаго выпрацавана пэўная стратэгія. Складанага рамонту патрабуе менш за 10% энерганасычаных трактароў, збожжа-, кормаўборачнай тэхнікі. Менш працаёмкія работы праводзяць самі сельгаспрадпрыемствы.

– Тэхнічная гатоўнасць любой сельгасарганізацыі вызначае далейшы тэмп усіх палявых работ, звязаных з пасяўной і ўборачнай кампаніямі. Таму трэба рыхтаваць тэхніку своечасова. Разумеючы, што яна каштуе немалых грошай, любы руплівы гаспадар старанна ставіцца да абслугоўвання машыны, захоўвае, дэфектуе і, калі неабходна, рамантуе. На прыкладзе Гомельскай вобласці мы пакажам падыходы ў аднаўленні былой у выкарыстанні тэхнікі, якая атрымлівае другое жыццё на спецыялізаваных прадпрыемствах, – адзначыў Леанід Заяц.
У час наведвання аграфірмы імя Лебедзева кіраўнікі акцэнтавалі ўвагу на тым, што захоўваць і рамантаваць камбайны трэба пад навесам або ў закрытым памяшканні.

– Гэта патрабаванне Прэзідэнта – ні адна машына не павінна знаходзіцца пад адкрытым небам, – звярнуўся да ўдзельнікаў семінара Леанід Заяц. – Пакуль механізатар працуе ў полі, астатнюю тэхніку абавязаны паставіць на захоўванне, як належыць.

У падшэфнай РУП «Гомельэнерга» гаспадарцы робяць усё па тэхналогіі: за кожным механізатарам замацавана некалькі адзінак тэхнікі, яны асабіста кантралююць працэс падрыхтоўкі трактароў і камбайнаў да зімы. Перад заездам на мехдвор машыны абавязкова мыюць, затым праводзіцца тэхагляд, пасля кансервацыя або рамонт у залежнасці ад неабходнасці.
Тут сельгасагрэгаты апрацоўваюць незамярзальнай вадкасцю, а таксама фарбуюць і пакрываюць лакам, каб вясной яны выйшлі на апрацоўку глебы ў належным выглядзе і своечасова.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ