Эканомiка
Развіццё Прыпяцкага Палесся – тэма нарады ў Ляскавічах на чале з Юрыем Назаравым
22.01.2025
Пашыраную нараду па развіцці Прыпяцкага Палесся ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна правёў упраўляючы справамі Прэзідэнта, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў. Удзел прынялі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Кіраўнікам далажылі аб рэканструкцыі, якая патрабуецца, для існуючых і будаўніцтве новых меліярацыйных каналаў. У першую чаргу ўвагу нададуць раллі, якая дае найбольшы рэзультат. Акрамя таго, меліярацыйныя мерапрыемствы паспрабуюць правесці так, каб не перашкодзіць палявым сельскагаспадарчым работам.
– Сістэму трэба прыводзіць у рабочы стан. За два гады ўсе ме-ліярацыйныя землі будуць прыведзены ў парадак, гэтае пытанне вырашана. Далей – эфектыўная эксплуатацыя. Асабістую ўвагу неабходна надаць падбору спецыяліста ў штат Нацпарка «Прыпяцкі», які б мог ажыццяўляць кантроль за гідралагічным рэжымам, – падкрэсліў Юрый Назараў.
На нарадзе абмеркавалі таксама мадэрнізацыю меліярацыйных сістэм ва-кол Днепра-Брагінскага і Светлагорскага вадасховішчаў: патрэбна замена дрэнажу, рэканструкцыя асноўных водапрыёмнікаў, рамонт каналаў, а таксама іншыя работы.
Здольнасць абваднення Днепра-Брагінскага вадасховішча – 13 тысяч гектараў, Светлагорскага – 10 тысяч гектараў.
– Запускаем два пілотныя праекты, перадпраектная дакументацыя павінна быць гатова да канца першага паўгоддзя, – даў даручэнне Юрый Назараў.
Будаўніцтва МТФ з мясцовых будаўнічых матэрыялаў – яшчэ адно пытанне нарады.
Удзельнікі сустрэчы разгледзелі некалькі варыянтаў узвядзення новых жывёлаводчых аб'ектаў, ацанілі фінансавую выгаду, магчымасці праектных інстытутаў і вытворцаў драўляных канструкцый.
Па выніках нарады будзе распрацавана дакументацыя, зроблены ўдакладненыя разлікі, падрыхтаваны праект.