Эканомiка
Прафілакторыі для цялят і своечасовая сяўба: нараду па пытаннях сельскай гаспадаркі правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
07.03.2025
На парадку дня – вясновыя палявыя работы, рэканструкцыя жывёлагадоўчых комплексаў на Гомельшчыне, будаўніцтва прафілакторыяў і сіласна-сянажных траншэй у 2025 годзе.
Усе раёны вобласці прыступілі да вясновых пасяўных работ. Праведзена закрыццё вільгаці на плошчы 1,6 тысячы гектараў, а таксама ўзворванне на плошчы 12,4 тысячы гектараў. Азімы рапс падкормлены на плошчы 7,7 тысячы гектараў. Выбарачна прыступілі да падкормкі азімых збожжавых.
Усё больш малочных кароў перакладаюць на беспрывязнае ўтрыманне, у сувязі з гэтым малочнатаварныя фермы з привязным тыпам утрымання жывёл выводзяцца з эксплуатацыі. Замест іх па ўсёй вобласці будуюцца новыя і рэканструююцца існуючыя комплексы. У 2025 годзе работы плануецца правесці ў дзесяці раёнах: Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Добрушскім, Калінкавіцкім, Лоеўскім, Акцябрскім, Рагачоўскім, Светлагорскім, Хойніцкім.
На Гомельшчыне дзейнічае больш за 160 сельскагаспадарчых арганізацый і філіялаў. 25 такіх прадпрыемстваў будуць рэарганізаваны для павелічэння эфектыўнасці працы.
За кошт аб'яднання некаторых гаспадарак і пераводу жывёл на мадэрнізаваныя фермы, паляпшэння ўтрымання статка ў вобласці чакаюць павелічэнне аб'ёмаў малака і ўзмацненне кантролю за функцыянаваннем сельгасарганізацый.
– Раёнам, дзе адбываецца рэарганізацыя, неабходна ў максімальна сціснутыя тэрміны аформіць патрэбныя дакументы і арганізаваць працу без спазнення, – падкрэсліў губернатар Іван Крупко.
На нарадзе разгледзелі таксама пытанні вывазу мінеральных угнаенняў, правядзення вапнавання і ўнясення арганічных угнаенняў.