Эканомiка
Перспектывы развіцця сельгаспрадпрыемства «Палессе-Аграінвест» у Петрыкаўскім раёне вывучыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
17.05.2024
На ферме «Турок» губернатару расказалі пра ўзнаўленне статка: тут асемяняюць кароў, гадуюць бычкоў і цёлак для далейшай перадачы іх на іншыя фермы гаспадаркі.
Работнікі рэгулярна наводзяць парадак падчас санітарных дзён і суботнікаў, штогод праводзяць касметычны рамонт. Кіраўнік рэгіёна высока ацаніў якасць утрымання жывёлы на аб'екце.
На ферме ўтрымліваецца 1412 галоў. Сярэднясутачная прыбаўленне жывёлы ў вазе – каля 900 грамаў.
– Нам даводзяць заданне 750 грамаў, у мінулым месяцы атрымалі 890 грамаў прыбаўлення. У нас на ферме працуе дружны калектыў з 13 чалавек. Нашы жывёлаводы рэгулярна трапляюць на Дошку гонару. Стараемся рабіць сваю работу якасна, – расказаў журналістам брыгадзір вытворчай брыгады Таццяна Пісарэнка.
Мінчанка Ангеліна Булыга скончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, па размеркаванні прыехала ў Петрыкаўскі раён. Цяпер працуе вядучым ветэрынарам гаспадаркі «Палессе-Аграінвест». Маладому спецыялісту выдзелілі жыллё, а таксама службовы транспарт.
Работа Ангеліне падабаецца, яна збіраецца і ў далейшым застацца ў сельскай гаспадарцы:
– Усё сваё жыццё любіла жывёлу, дзякуй за гэта дзядулі. Абслугоўваю пяць ферм. Праводжу вакцынацыю цялятаў з самага маленькага ўзросту, пры неабходнасці лячу і калю ім вітаміны.