Эканомiка
Пасля рэканструкцыі адкрыта лінія драбнення № 2 шчэбзавода «Глушкевічы» ў Лельчыцкім раёне
16.01.2025
Рашэнне пра рамонт крыху больш за год таму прыняў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Рэканструкцыю тэхналагічнай лініі ажыццявілі ў рамках рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмы.
– Шчэбеневы завод з'яўляецца валаўтваральным для аграгарадка Глушкавічы і ўсяго Лельчыцкага раёна. Больш за год таму мы праводзілі тут сустрэчу, абмяркоўвалі рэканструкцыю і прынялі рашэнне мадэрнізаваць прадпрыемства. З таго часу праведзена сур'ёзная праца. Увод гэтай лініі – першы этап мадэрнізацыі, мэта якой канкурэнтаздольнасць і рэнтабельнасць вытворчасці з выхадам на поўную магутнасць. Упэўнены, што ў завода вялікія перспектывы, – адзначыў губернатар падчас урачыстай цырымоніі.
Дзякуючы мадэрнізацыі прадукцыйнасць лініі вырасце з 200 тысяч тон друзу ў год да 320 тысяч тон. Работы пачалі ў чэрвені, за гэты час замянілі драбілкі, устанавілі новае абсталяванне: кітайскае і беларускае, частка з якога выраблена ўласнымі сіламі.
Абноўленая лінія дазволіць атрымаць істотны прырост друзу – больш за 60%, прычым менавіта дробных фракцый, якія запатрабаваны ў дарожным будаўніцтве па ўсёй краіне. Іх чатыры віда: 5–10 мм, 10–15 мм, 15–20 мм і адсеў 0–5 мм. Пры ўмове атрымання лішкаў ёсць магчымасць экспарту прадукцыі.
Чакаюць на прадпрыемстве і прыросту эканамічных паказчыкаў. Абслугоўваюць лінію драбнення дзесяць чалавек – супрацоўнікі, якія прайшлі перанавучанне. Цяпер праца дарожных службаў рэгіёна і будаўнікоў прыкметна спросціцца, паколькі за апошнія гады значна павялічыліся аб'ёмы рамонту дарог, для чаго патрэбна прадукцыя шчэбзавода «Глушкевічы».
Лінію адкрылі напярэдадні 81-й гадавіны вызвалення Лельчыцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гонар свята найлепшым работнікам прадпрыемства ўручылі заслужаныя ўзнагароды.
У планах прадпрыемства – мадэрнізацыя яшчэ адной лініі, прадукцыйнасць якой пасля рамонту вырасце з 350 да 460 тысяч тон у год, зараз распрацоўваецца праектная дакументацыя. У перспектыве на заводзе плануюць таксама стварыць яшчэ адну лінію, падобную да той, што адкрылі сёння.