Эканомiка
Пасля мадэрнізацыі ў Мазырскім раёне адкрылі новыя сельгасаб'екты
31.10.2023
Даільна-малочны блок і два кароўнікі пабудавалі на МТФ (в. Вялікія Зімавішчы) КСУП "Слабадское імя Леніна". На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка.
Інвестпраект рэалізаваны ў рамках ўказа Прэзідэнта. За запрашэнне падзяліць радасць адкрыцця новага блока падзякаваў Леанід Заяц:
– Праграма Прэзідэнта разлічана да 2025 года, у краіне ўзводзіцца больш за 170 аб'ектаў. Усе фермы будуць ператвораны ў малочнатаварныя комплексы, дзе ручная праца зводзіцца да нуля, а прадукцыйнасць павялічваецца. Менавіта ў развіццё АПК укладваюцца вялізныя сумы. З разлікам на тое, каб цяперашняе пакаленне і маладыя людзі, якія прыйшлі на змену, змаглі скарыстацца гэтым. Вялікі вам дзякуй за працу! Ужо зараз Беларусь поўнасцю забяспечвае грамадзян уласнай прадукцыяй.
Будаўніцтва блокаў дазволіла перавесці ферму ў разрад малочнатаварнага комплексу. У перспектыве на МТК плануюць разгадаваць статак на тысячу галоў, а з маладняком – на 1300. Павялічацца і надоі: зараз у гаспадарцы надойваюць штогод па 6,5 тоны малака на карову, да канца года выйдуць больш як на 8,5 тоны. Усяго ў суткі здаюць каля 36 тон сыравіны, з новым комплексам дабавіцца яшчэ 12–13 тон. Рэалізуюць малако вышэйшага гатунку і класа экстра мясцоваму перапрацоўчаму прадпрыемству.
– Мы знаходзімся на этапе вялікай мадэрнізацыі ў сферы жывёлагадоўлі. Да 2025 года вобласць павінна выйсці на вытворчасць 1,2 мільёна тон малака і 225 тысяч тон мяса. Таму стаіць задача пабудаваць 44 новыя фермы да 2030 года і правесці мадэрнізацыю яшчэ 40 МТФ, – агучыў лічбы старшыня аблвыканкама Іван Крупко. – Да канца гэтага года на Гомельшчыне ўвядзём у эксплуатацыю яшчэ восем сельгасаб'ектаў. Выкананне ўказа Прэзідэнта і абнаўленне ўласнай вытворчасці дасць магчымасць стварыць дастойныя ўмовы працы для людзей.
Як адзначыў губернатар, малако для нас сёння – самая рэнтабельная прадукцыя. Геапалітычная сітуацыя няпростая, краіны Захаду ўводзяць санкцыі:
– У нас ёсць усе магчымасці, каб нарошчваць аб'ёмы і прадаваць прадукцыю дружалюбным краінам. Ваша прадпрыемства з'яўляецца апорай для навучання кадраў, тут вучыцца моладзь, якую пасля прызначаем на кіруючыя пасады ў АПК.
Гаспадарка адна з перадавых у раёне, займае лідзіруючыя пазіцыі і ў рэгіёне.
– Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяляе сельскай гаспадарцы. За гады суверэннай Беларусі шмат зроблена. Мы прыйшлі да сучасных тэхналогій, якія дэманструем на сусветным узроўні, – падкрэсліў Юрый Горлаў. – У нас многія вучацца, ужываюць нашы тэхналогіі. Гэты МТК абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Спадзяюся, вы будзеце ўзнімаць прадуктыўнасць дойнага статка, адпаведна будзе расці дабрабыт вашых сямей.
Новыя кароўнікі гатовы змясціць да 640 галоў, іх запоўняць жывёламі на працягу паўгода.
– У нас дастаткова цялушак, мы прадаем іх ужо 12 гадоў. Адзін хлеў запоўнім да новага года, другі да вясны, – расказаў дырэктар КСУП "Слабадское імя Леніна" Юрый Бажанкоў. – Наша гаспадарка аб'яднана з чатырох, старыя фермы паступова закрываем, пераводзім жывёл і персанал у больш сучасныя блокі.
Новыя будынкі абсталяваны тэхнікай «Гомельагракамплекта» – свайму вытворцу тут давяраюць, на астатніх комплексах машыны працуюць ужо амаль 20 гадоў. Умовы ў даільнай зале максімальна камфортныя, адначасова тут можна даіць 32 жывёліны. Зручна на абноўленым МТК будзе і людзям, памяшканні адпавядаюць усім патрабаванням і стандартам.