Настройкі
Гомельскі абласны выканаўчы камітэт
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў у рамках дзелавой паездкі наведаў некалькі прадпрыемстваў Мазыршчыны

09.12.2024
У цэлым памочнік Прэзідэнта застаўся задаволены вынікам зладжанай работы завадскіх калектываў.

На камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Мазырскія малочныя прадукты» Юрый Горлаў пацікавіўся асартыментам выпускаемай прадукцыі, яе збытам і мадэрнізацыяй вытворчасці, звярнуў увагу на новую гандлёвую марку прадпрыемства «Краіна малака». Характэрна, што прадукцыя пад гэтым брэндам разліваецца ў ПЭТ-бутэлькі на новай аўтаматычнай лініі італьянскай вытворчасці. «Краіна малака» ўжо паспяхова прадстаўлена на міжнародных выставах.

– На кожным прадпрыемстве ёсць свае рэзервы, якія трэба выкарыстоўваць. Адзін з запатрабаваных прадуктаў – сухое малако. Вельмі добра, што кіраўнік і штат спецыялістаў арыенціруюцца ў сучаснай рынкавай кан'юнктуры, у чым мы пераканаліся пры наведванні малаказавода – каля 50% выручкі дае менавіта гэтая прадукцыя. Так што мазырскае прадпрыемства на месцы не стаіць. Ёсць далейшыя планы па развіцці – толькі сёлета 80 чалавек былі забяспечаны працоўнымі месцамі, ідзе ўстаноўка новых ліній па вытворчасці якаснай прадукцыі. Радуе, што малочнікі працуюць з прыбыткам, вядуць пастаянны пошук рэзерваў, – адзначыў памочнік Прэзідэнта Юрый Горлаў. 

Памочнік Прэзідэнта наведаў таксама перадавы малочна-таварны комплекс у Гурынах камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Эксперыментальная база «Крынічная». Дзякуючы багатай кармавой базе, найноўшых тэхналогіях утрымання жывёлы, вынікі работы комплексу ўражваюць: за год адна карова дае тут 12 тысяч літраў малака, а на малаказавод штодня здаюць 20 тон сыравіны. 

Убачанае на прадпрыемстве памочнік Прэзідэнта назваў «перадавым і навукова абгрунтаваным вопытам», які трэба ўжываць і на іншых малочна-таварных комплексах. 

– Ранейшыя фермы сыходзяць у мінулае і будуць мадэрнізіравацца: частка пад вырошчванне маладняку, іншым будзе знойдзена іншае прымяненне. Сёння будуюцца такія малочна-таварныя комплексы, на якіх створаны ўсе ўмовы. Трэба добрасумленна ставіцца да сваёй работы і рабіць яе вельмі якасна – тады будзе высокі вынік, – падкрэсліў Юрый Горлаў. 

Падчас рабочай паездкі памочнік Прэзідэнта наведаў таксама Мазырскі кукурузакалібровачны завод. 
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ