Эканомiка
Надвор'е для аграрыяў ідэальнае, не расслабляйцеся: нараду па пытаннях сельскай гаспадаркі правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко
16.05.2025
Першае пытанне – гатоўнасць кормаўборачнай тэхнікі. На сённяшні дзень у Гомельскай вобласці спраўныя больш за 2700 адзінак. Засталося адрамантаваць каля 350 адзінак, гэта ў асноўным прычапная тэхніка: граблі, касілкі і іншыя агрэгаты. Камбайны і трактары пераважна гатовы да ўборачнай кампаніі.
– Неабходныя сродкі выдзелены ў красавіку, ва ўсіх раёнаў быў час закупіць патрэбныя запчасткі і выконваць рамонтныя работы. Паскарайцеся. Прашу звярнуць пільную ўвагу на своечасовае спісанне тэхнікі, гэтае пытанне таксама пакідаць нельга, – паставіў задачу губернатар.
У Гомельскай вобласці працягваецца сяўба кукурузы, з улікам перасявання план выкананы на 70%, культура на зерне ўжо цалкам пасеяна. У асобных раёнах праводзіцца сяўба шматгадовых траў і перазалужэнне пашы. Асобныя гаспадаркі пачалі касьбу траў.
– Кармавая база павінна быць моцнай. Пайшлі дажджы, у глебе будзе вільгаць. Не прапусціце момант, зараз ідэальнае надвор'е для правядзення ўсіх відаў палявых работ, – рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.
Яшчэ адно з пытанняў нарады – вытворчасць і рэалізацыя малака.
– Ёсць магчымасць павялічваць надоі, для гэтага дастаткова кармоў, створаны ўсе неабходныя ўмовы. Да таго ж пачаўся ўкос першых траў, а для жывёл на выпасе ўсталявалася спрыяльнае надвор'е, – падкрэсліў Іван Крупко.
Губернатар даручыў асобным раёнам падцягнуць паказчыкі па надоях у бліжэйшы час, а таксама стварыць камфортныя ўмовы для кароў, якія знаходзяцца на свабодным выпасе.