На пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны ў студзені – верасні, абмеркавалі выкананне бюджэту вобласці за дзевяць месяцаў
Без дысцыпліны не будзе руху наперад
Асноўная ўвага была акцэнтавана на рост паказчыкаў у будаўнічай і лесагаспадарчай галінах. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван КРУПКО.
Выйсці з піке
З васьмі мэтавых паказчыкаў, якія даводзяцца ўрадам да рэгіёна, да адпаведнага перыяду выканана чатыры: па валавым рэгіянальным прадукце, намінальным налічаным сярэднім заробку, сукупным даходах у бюджэт і імпартазамяшчэнню.
Не дасягнулі патрэбных параметраў па інвестыцыях у асноўны капітал, уводзе жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай, зніжэння ўзроўню выдаткаў.
Сярод раёнаў найгоршая сітуацыя з выкананнем мэтавых паказчыкаў склалася ў Ельскім, Лельчыцкім і Акцябрскім. Падцягнуцца неабходна таксама ў Брагінскім, Лоеўскім, Нараўлянскім, Хойніцкім раёнах.
У станоўчым ключы адзначана прамысловасць, дзе забяспечылі стабільны рост аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. З плюсам завяршыў справаздачны перыяд і АПК. А вось на транспарце і ў лесагаспадарчай галіне дапушчаны спад. Хоць у вобласці зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў да 87 (у пачатку года было 98), рэзка вырасла колькасць лясгасаў са стратамі – гэта ўжо восем арганізацый.
У цэлым прадпрыемствы канцэрна "Беллеспаперапрам не радуюць паказчыкамі, аднак шэраг з іх упэўнена дабаўляе, напрыклад, "Гомельдрэў", Светлагорскі ЦКК. Сітуацыя па выніках кастрычніка ў лясной галіне праглядаецца ўжо ў лепшым святле. Важна, было заўважана, захаваць гэтыя тэмпы. Дзесьці і далей нарошчваць, не баючыся пачаць новы год з высокай базай.
Асаблівая ўвага нададзена росту інвестыцый, яго трэба забяспечыць ва ўсіх раёнах. У кожным, нагадаем, ёсць выразныя планы рэалізацыі інвестпраектаў, устаноўлены графікі – адступаць ад іх катэгарычна нельга.
Канкрэтныя задачы па выхадзе з эканамічнага піку губернатар паставіў перад шэрагам прадпрыемстваў. Да канца года на якасна іншы ўзровень работы павінны выйсці калектывы "Рэчыцадрэва", Добрушскага фарфоравага завода, Нараўлянскага завода гідраапаратуры, Мазырскага машынабудаўнічага завода. Ёсць абсалютныя бачныя і зразумелыя варыянты, да прыкладу, мазыране маглі б выпускаць больш такіх запатрабаваных сёння трактароў на гусенічным хаду. Застаецца толькі арганізаваць вытворчасць, наладзіць збыт, лагістыку.
Не толькі аб'ектыўныя прычыны
Адзначана, што прынятыя ў краіне меры па ўзмацненні кантролю цэнаўтварэння прынеслі плён: інфляцыя на належным, прадказальным узроўні, неапраўданага росту спажывецкіх цэн не дапушчана.
Асобна разгледзелі пытанне ўключэння ў абарот невыкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржмаёмасці, іх зносу або продажу, здачы ў арэнду. Мала таго, што такія закінутыя пабудовы не ўпрыгожваюць населеныя пункты, дык яшчэ і ўтойваюць у сабе небяспеку, у іх траўміруюцца і гінуць людзі. Як паказвае практыка, там, дзе кіраўніцтва надае належную ўвагу гэтай праблеме, паказчыкі ўключэння хутка ідуць у рост – і рэсурсы знаходзяцца, і людзі, і магчымасці. На месцах неабходны якасны рывок у гэтай працы, паскорыцца павінны ў Гомельскім, Калінкавіцкім, Лоеўскім, Рэчыцкім, Светлагорскім, шэрагу іншых раёнаў.
Самым пільным будзе ўвага да рэалізацыі на месцах праграмы "Адзін раён – адзін праект". Гэта зона асабістай адказнасці кіраўнікоў у раёнах. Вобласць, як і ўся краіна, востра мае патрэбу ў новых перспектыўных прадпрыемствах, у тым ліку інавацыйных.
У будаўнічым комплексе ў прынцыпе ёсць усе перадумовы, каб актывізаваць работы і дасягнуць патрэбных параметраў да канца года. Рэсурсы ў наяўнасці, кадры гатовы. Адзін з праблемных момантаў – кошт квадратнага метра не заўсёды задавальняе насельніцтва і негатыўна ўплывае на попыт. Бывае, праблема крыецца ў недастатковай інфармаванасці грамадзян аб магчымасцях льгатавання здзелак з боку банкаў. Заданні, даведзеныя па будаўніцтве сацыяльнага і арэнднага жылля, выконваюцца, як і па жыллі для шматдзетных сем'яў.
У АПК забяспечаны рост тэмпаў вытворчасці прадукцыі – 102% да таго ж перыяду 2022-га. Збожжавых каласавых у гэтым сезоне ўрадзілася менш, але дабралі іншымі культурамі. Кукурузы на зерне сабралі ў 2,3 разы больш, чым летась. Добра дадалі і ў нарыхтоўцы кармоў. У цэлым галіна паказвае ўпэўнены рост выручкі, рэнтабельнасці. Скарацілася колькасць стратных сельгасарганізацый.
Вядома, аб'ектыўныя прычыны неўраджаю збожжа відавочныя, у першую чаргу ўмовы. Але хапае, заўважыў Іван Крупко, і суб'ектыўных. Да прыкладу, у адной гаспадарцы не ўнеслі ўгнаенні пад культуру – проста не паспелі, пакінулі на складзе. Гэта абуральны факт, кіраўнік адразу быў звольнены. Вядома, калі падобнае выявіцца ў іншых арганізацыях, размова будзе кароткай.
Менавіта суб'ектыўнымі прычынамі нярэдка тлумачыцца і неўраджай траў на месцах, і яшчэ адна набалелая праблема – падзёж жывёлы. Дысцыпліна, дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна: Працоўная і тэхналагічная. Вось што стаіць за паказчыкамі ў любой галіне, рэзюмаваў губернатар.
Захавана сацыяльная накіраванасць
Даходы кансалідаванага бюджэту вобласці за дзевяць месяцаў сфарміраваны ў аб'ёме 3 438,3 мільёна рублёў. Гэта 71% гадавога плана. Выдаткі ў сваю чаргу зроблены ў межах даходаў, якія паступілі, а таксама сродкаў рэспубліканскага бюджэту, і склалі 3 464,1 мільёна рублёў – амаль 70% гадавога плана. Прыведзеныя значэнні адпавядаюць параметрах эканамічнай бяспекі. Сацыяльная накіраванасць бюджэту ў бягучым годзе захавана ў поўнай меры, 64% выдаткаў прыйшліся на сацсетку.
Удзел у рабоце пасяджэння прынялі кіраўнік спраў прэзідэнта Юрый Назараў, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.