Эканомiка
На кантролі ў губернатара: за восем кіламетраў ад Гомеля працягваецца будаўніцтва комплексу па абыходжанні з ЦКА
22.11.2024
Рэалізацыю праекта кантралюе асабіста старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Комплекс уключае завод па перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў і палігон. Асноўная мэта – захаванне прыроды і атрыманне другасных матэрыяльных рэсурсаў. Вытворчыя магутнасці завода складаюць 220 тысяч тон перапрацоўкі ў год і каля 20 тысяч тон атрымання ДМР.
– Акрамя завода і палігона, на комплексе па перапрацоўцы ЦКА плануецца будаўніцтва пляцоўкі пад размяшчэнне будаўнічых адходаў са спецыяльным абсталяваннем для драбнення, а таксама будуць устаноўлены бункеры пад размяшчэнне арганікі. Таксама на заводзе плануецца вытворчасць прэ-RDF-паліва для выкарыстання яго на цэментных заводах, – расказаў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Аляксандр Цалко.
Цэх сартавання будзе абсталяваны трыма канвеерамі, тут будуць устаноўлены паветраныя і магнітныя сепаратары, што аблегчыць працу людзей. Працаваць на комплексе будзе калектыў існуючага завода па сартаванні адходаў, таксама прымуць новых супрацоўнікаў. Усяго працаўладкавана каля 270 чалавек.
Экалагічны аб'ект дасць магчымасць зменшыць нагрузку на навакольнае асяроддзе, адзначыў дырэктар прадпрыемства "Спецкамунтранс" Алег Ткачоў:
– Зона разгрузкі будзе аддзяляць другасныя матэрыяльныя рэсурсы і фракцыю арганічных адходаў, якія ў далейшым пойдуць на кампаставанне. Перапрацоўваць таксама будуць асобна сабранае лісце і арганіку з прыватнага сектара. Атрыманая фракцыя адправіцца на перасыпку палігона і на аб'екты зялёнай гаспадаркі Гомеля.
На новым комплексе прадугледжана драбненне буйнагабарытнага смецця з дрэва і жалезабетону. Дранка адправіцца ў мясцовую кацельню, а крошку выкарыстаюць як падсыпку на палігоне. Баласт перапахаваюць на палігоне, будуецца тры карты.
Аб'ект разлічаны на вываз смецця з Гомеля, Гомельскага, Веткаўскага, Добрушскага, Лоеўскага, Чачэрскага, Рэчыцкага раёнаў. Толькі ў Гомелі за год утвараецца каля 150 тысяч тон адходаў. Калі на сённяшні дзень працэнт атрымання ДМР у вобласці складае каля 34%, то ў планах на новым комплексе – 65%.
Генеральным падрадчыкам будаўніцтва комплексу па абыходжанні з ЦКА выступае ААТ "Гомельскі ДБК". Работы пачалі ў 2023 годзе, запланаваны тэрмін здачы аб'екта – першае паўгоддзе 2026 года. У сучасны момант гатоўнасць яго складае 45–50%, выкарыстоўваюцца матэрыялы пераважна айчыннай вытворчасці.
Як паведаміў генеральны дырэктар домабудаўнічага камбіната Аляксандр Ганчароў, у мінулым годзе вяліся падрыхтоўчыя работы: высечка, выкарчоўка дрэў, вертыкальная планіроўка. Цяпер ідзе актыўная фаза будоўлі:
– Працуе больш за 69 адзінак тэхнікі, звыш 150 чалавек. З-за цяжкасцей з ландшафтам і дажджоў не да канца выканана перамяшчэнне балансу земляных мас. Аднак работнікі прадпрыемства гатовы выканаць усе пастаўленыя задачы ў поўным аб'ёме.